У Магілёве, як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, камунальным і аварыйным службам дапамагалі больш за 20 тысяч чалавек — прыбіралі дрэвы і пляцоўкі, якія пацярпелі ад стыхіі 9-10 ліпеня.
У Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці пацярпелі прыблізна 100 будынкаў, стыхія паваліла 300 дрэваў.
«Толькі ў аграгарадку Вархі і вёсцы Прудок увечары 9 ліпеня пацярпелі 42 жылыя будынкі. І калі энэргазабесьпячэньне змаглі аднавіць у кароткія тэрміны, то для прывядзеньня да ладу жытла патрэбны час», — піша дзяржаўнае выданьне «Беларусь сегодня».
Паводле мясцовых уладаў, у Вархах з 39 пашкоджаных будынкаў змаглі аднавіць 26.
На 14 ліпеня ў Беларусі зноў абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі. Гэта тычыцца Менску і чатырох вобласьцяў — Менскай, Гомельскай, Берасьцейскай і Горадзенскай.
Паводле прагнозу Белгідрамэту, раніцай і ўдзень 14 ліпеня на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюць навальніцы, удзень месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15-20 м/с. Удзень на паўднёвым усходзе максымальная тэмпэратура дасягне +30°С.
Форум