У Бярэзінскім запаведніку ў навакольлі Сергуцкага каналу на тэрыторыі Крайцаўскага лясьніцтва знайшлі балотную чарапаху.
«Знойдзеную жывёлу сфатаграфавалі і выпусьцілі на волю ў месцы знаходкі», — адзначаецца ў паведамленьні запаведніка.
Эўрапейская балотная чарапаха зьяўляецца адзіным відам, які водзіцца на тэрыторыі Беларусі. Празь невялікую колькасьць яна ўключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі і патрабуе строгай аховы. Арэал яе пражываньня знаходзіцца на поўдні Беларусі, пераважна ў палескім рэгіёне. Менавіта таму, паведамілі ў Бярэзінскім запаведніку, чарговая знаходка балотнай чарапахі на тэрыторыі запаведніка зьяўляецца «вельмі цікавай».
Упершыню на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка выявілі балотную чарапаху ў ліпені 2004 году на возеры Плаўна на тэрыторыі аднайменнага гатэльнага комплексу. Але спэцыялісты мяркуюць, што тады яе прывёз нехта з наведнікаў.
У 2017 годзе яшчэ адну чарапаху заўважылі на возеры Бярэшча на тэрыторыі экспэрымэнтальна лесапаляўнічай гаспадаркі «Барсукі».
Форум