Сьцісла:
- Прапагандыст Ігар Тур наўпрост кажа, што тэма перамоваў Лукашэнкі і Келага ня вартая вашай увагі.
- Дзяржаўныя мэдыя пастараліся па магчымасьці не згадваць пэрсанальна Сяргея Ціханоўскага.
- Акцэнт робіцца на тое, што вызваленьне — гэта гуманітарны аспэкт, гэта выкананьне просьбы, гэта не зьмена ўнутранай палітыкі.
- Напэўна, у іх было вялікае чаканьне, што ўсё разваліцца. Пакуль нічога не развалілася і цікаўнасьць да гэтай тэмы трошкі зьнізілася.
- Для мяне была пэўнай нечаканасьцю, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў выпад супраць Трампа.
- Самім прапагандыстам не дакладваюць, якія рашэньні прыняты. Ім кажуць, пра што трэба гаварыць, у чым трэба пераконваць.
— Які галоўны матыў выбірае прапаганда ў тлумачэньні апошніх гучных падзеў — візыту ў Менск Кіта Келага, вызваленьня Сяргея Ціханоўскага? Ці прыдумляе прапаганда штосьці сваё, ці проста паўтарае тэзісы Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што яны бываюць даволі супярэчлівыя?
— Гісторыя з перамовамі з амэрыканцамі і з вызваленьнем Сяргея Ціханоўскага разьвівалася, калі браць інфармацыйнае поле, з рознымі вэктарамі. З аднаго боку, сустрэча з амэрыканцамі спачатку падавалася як вялікае дасягненьне. Але ўжо на Дзень Незалежнасьці Аляксандар Лукашэнка апраўдваўся й нават трохі «наехаў» на прэзыдэнта ЗША, што не дай Бог той скажа нешта, тады мы спыняем усякія размовы й нікога вызваляць ня будзем.
І вось ужо на днях у перадачы на ОНТ «Прапаганда» Ігар Тур наўпрост кажа, што тэма перамоваў Лукашэнкі Келага ня вартая вашай увагі.
То бок адбываецца пераключэньне, што сапраўды сустрэча была, мы нічога пра яе ня ведаем, гэта ня вартае вашай увагі, бо інфармацыі няма. Акрамя таго, там яшчэ быў такі тэзіс, што народ не мае права ўсё ведаць.
Калі казаць пра ўласна падыход да вызваленьня Ціханоўскага, то мы, па-першае, бачым, што дзяржаўныя мэдыя пастараліся па магчымасьці не згадваць пэрсанальна Сяргея Ціханоўскага. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Эйсмант паведаміла, што «прынята рашэньне аб памілаваньні 14 асуджаных. Гэта была просьба прэзыдэнта Злучаных Штатаў». Акцэнт на тое, што гэта гуманітарны аспэкт, гэта выкананьне просьбы, то бок гэта не ёсьць нейкай зьменай унутранай палітыкі. Маўляў, не чакайце, што тут штосьці памянялася. Мы такія, як былі, але нас папрасілі, і мы пайшлі насустрач.
Падкрэсьліваецца, што вызваленьне — выключна з гуманітарных меркаваньняў для ўзьяднаньня сям’і. Вядома, гэта ўсё ня вельмі пераканаўча для людзей, якія сочаць за сытуацыяй у Беларусі. Трэба прыкладаць дадатковыя намаганьні, каб паверыць у тое, што тут ёсьць прыклад гуманізму.
Але само па сабе тут важна, што ўладай робіцца акцэнт, што гэта не вызваленьне палітзьняволеных, бо ўвогуле тэрмін «палітзьняволены» не прысутнічае. Проста папрасілі, проста гуманітарны выпадак. Гэта не тэндэнцыя.
— Вы ўжо адзначылі, што Лукашэнка зрабіў такія заявы, якія можна ўспрыняць, што ён «апраўдваецца». Ці было ў праўладных каналах зафіксавана нешта, падобнае на крытыку рашэньня аб вызваленьні?
— Я не зафіксаваў прыкладаў крытыкі гэтага рашэньня. Ну, тут можна хутчэй сказаць то, што яго альбо не хвалілі, альбо пісалі з пункту гледжаньня таго, што мы кінулі выпрабаваньне да беглых, і глядзім, што зараз зь імі будзе. Зьяўленьне харызматычнай фігуры Ціханоўскага, якая стала сымбалічнай падчас падзеяў 2020-га году, — як гэта фігура будзе сябе паводзіць пасьля вызваленьня, як гэта паўплывае на канфігурацыю дэмакратычных сілаў. Напэўна, у іх было вялікае чаканьне, што ўсё разваліцца. Пакуль нічога не развалілася й цікаўнасьць да гэтай тэмы трошкі зьнізілася.
— Прапаганда любіць цытаваць нейкія крытычныя выказваньні ўнутры апазыцыі ці дэмакратычных сілаў, цытаваць тых удзельнікаў дэмакратычнага руху, якія выказваюцца крытычна з нагоды таго ці іншага дзеяньня альбо на адрас таго ці іншага палітыка. Каго ў гэтыя дні ў сувязі з нашай тэмай яны найчасьцей цытуюць, якія тэзісы яны падхопліваюць?
— Цытуюць крытыкаў офіса Сьвятланы Ціханоўскай Аб’яднанага пераходнага кабінэта. Цытавалі і Ціханоўскага, калі ён сказаў, што беларусы ня вернуцца дадому. Але само па сабе гэта не прынцыповае штосьці новае. Прыкладна так сама беларуская прапаганда дзейнічала і раней, абіраючы карысныя для сябе меркаваньні з дэмакратычнага кола, дзе ёсьць розныя думкі і спрэчкі.
— Вы казалі, што прапаганда стараецца не ўзгадваць само імя Ціханоўскага. Як ім гэта ўдаецца? Яны дыскутуюць зь нейкімі абстрактнымі ідэямі, ці яны ўзгадваюць саму сытуацыю, а не ўзгадваюць прозьвішча?
— Гэта абсалютна сьвядома. Так прапаганда спрабавала дзейнічаць увесь час, калі яна будавалася падчас кіраваньня Лукашэнкі. Сам Лукашэнка вельмі рэдка называе апанэнтаў па імёнах. Ён узгадвае нейкія прыкметы, па якіх можна ўгадаць, пра каго гаворыцца. І роўна таксама паступаюць прапагандысты — праўда, часам называюць імёны, але гэта выключэньне з правілаў.
У Telegram-каналах больш разьняволеная сытуацыя ў гэтым сэнсе. Там ёсьць у тым ліку прамыя абразы, мова варожасьці, мат, але пры гэтым яны часам называюць імёны тых, каго пра каго ідзе гаворка, альбо карыстаюцца прыдуманымі мянушкамі, яны сталыя мянушкі прыдумалі для шмат каго.
— Наколькі істотна прыйшлося прапагандзе мяняцца ў стаўленьні да новай адміністрацыі ЗША? Амэрыка заўсёды была галоўным ворагам, ці мяняе прапаганда свае асноўныя стратэгічныя падыходы ў гэтым сэнсе? ЗША пры Трампу сталі ўжо не такімі варожымі, а галоўным ворагам цяпер аб’яўленая Эўропа, якая ня хоча ісьці шляхам перамоваў, якім пайшла Амэрыка.
— Вы слушна казалі, што прапаганда часам мяняецца і яна можа быць непасьлядоўнай. Лукашэнка сам супрацьлеглыя выказваньні робіць. Мы бачым, што ёсьць эўрапейскія «сябры» Менску, якія ці адкрылі, ці зьбіраюцца адкрываць амбасады, уручаць даверчыя граматы. Але гэта тыя краіны, якія самі звычайна крытыкуюць Брусэль і сябруюць пераважна зь цяперашняй адміністрацыя ЗША.
Так што сапраўды малюецца падзел паміж кепскай Эўропай і больш-менш новым вэктарам — ці нэўтральным, ці пазытыўным — вэктарам Злучаных Штатаў. Але, разам з тым, антыамэрыканізм паралельна пры гэтым прысутнічае, таму тут цяжка сказаць, чаго болей.
Хутчэй за ўсё кан’юктурна ў кожны момант выбіраецца тое, што лепей і што служыць аргумэнтам для пацьвярджэньня, што рэжым мае аўтарытэт, падтрымку, пэрспэктывы. Калі ж трэба тлумачыць, што мы ў коле ворагаў, то ўзьнікаюць іншыя аргумэнты.
А што тычыцца канкрэтна Трампа, то для мяне была пэўнай нечаканасьцю, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў выпад супраць Трампа, бо апошнім часам былі выказваньні больш такога лагоднага тыпу. Але ў беларускай прапагандзе прамых выпадаў супраць Трампа, акрамя гэтага выказваньня Лукашэнкі, я асабліва не заўважаю. Хутчэй такое: гэта можа быць не сябар, але зь ім можна мець справу, ёсьць пэўныя пэрспэктывы ў гэтым сэнсе.
Тут напэўна ёсьць яшчэ тлумачэньне, а чаму мы ўсё ж такі зараз можам мець адносіны з амэрыканцамі. Былі перамовы, і трэба было сказаць, што наша палітыка не мяняецца. Мы застаемся саюзьнікамі Расеі, мы застаемся такім жа рэжымам, як быў, і рэпрэсіі мы ў прынцыпе не спыняем.
Разам з тым, я хачу заўважыць, што паводле прапаганды немагчыма адназначна ацаніць, якая рэальная палітыка, якія рэальныя рашэньні прыняты ўладамі. Бо прапаганда для таго часам і выкарыстоўваецца, каб запусьціць інфармацыйны шум, каб заблытаць усіх, каб проста пераключыць увагу. І акрамя таго, самім прапагандыстам, уласна кажучы, не дакладваюць, якія рашэньні прыняты. Ім кажуць, пра што трэба гаварыць, у чым трэба пераконваць. Вось таму я бы пасьцярогся менавіта па прапагандзе ацэньваць, што, уласна кажучы, будзе.
Форум