Сьцісла:
- Апошнім часам Лукашэнка імкнецца рэгулярна зьяўляцца на інфармацыйным экране, каб дэманстраваць, што ўсё знаходзіцца пад ягоным кантролем.
- Лукашэнка заклікае Расею па прыкладу Беларусі рэгуляваць цэны, бо, маўляў, народ патрабуе справядлівасьці.
- Развагі Лукашэнкі наконт цэнаў даволі супярэчлівыя і блытаныя. Маўляў, мы цэны не рэгулюем, а толькі імкнемся зрабіць іх справядлівымі.
- Вынікам кампаніі барацьбы з цэнамі стаў дэфіцыт у крамах некаторых прадуктаў харчаваньня, найперш бульбы, адтэрмінаваная інфляцыя, банкруцтва шэрагу гандлёвых фірм. Таму цяпер Лукашэнка ў сваіх патрабаваньнях стаў больш асьцярожным.
Аляксандр Лукашэнка апошнім часам імкнецца рэгулярна зьяўляцца на інфармацыйным экране. Часам гэта выглядае штучна, ён абмяркоўвае нейкія дробязныя тэмы. Здаецца цяпер для яго сам факт зьяўленьня ў публічнай плашчыні важней за зьмест ягоных сустрэч, перамоваў ці даручэньняў. Яму важна, каб усе бачылі, што ён знаходзіцца ў добрай працоўнай форме, каб ніхто, асабліва чынавенства нічога дрэннага не падумала пра ўзрост, здароўе, маўляў, Лукашэнка ўжо не той. Для яго цяпер асабліва неабходна дэманстраваць, што ўсё знаходзіцца пад ягоным кантролем. Раней такой патрэбы не было, усе і так усё разумелі. А цяпер такія дэманстрацыі сталі важным элемэнтам публічнага пазыцыянаваньня.
Мэсэджы Лукашэнкі да насельніцтва за 31 год кіраваньня амаль не памяняліся
Але варта заўважыць, што ягоныя мэсэджы да насельніцтва за 31 год кіраваньня амаль не памяняліся: барацьба з цэнамі, разносы чынавенства, разважаньні пра справядлівасьць і інш. Пакаленьне зьмянілася, тэхналягічны ўклад памяняўся, геапалітычныя ўмовы сталі іншымі, а Лукашэнка тры дзясяткі гадоў кажа адно і тое ж. Нібы для Беларусі час спыніўся, гісторыя застыла на на ўзроўні сярэдзіны 1990-х гадоў і далей не рухаецца.
А тым часам Лукашэнка зноў падняў пытаньне барацьбы з ростам цэнаў. Вонкава выглядае дзіўна, што ён закрануў гэтую тэму падчас перамоваў з дэлегацыяй Санкт-Пецярбургу 14 ліпеня. Якое гэтае пытаньне мае дачыненьне да супрацоўніцтва Беларусі з гэтым расейскім горадам? Аднак сэнс тут ёсьць, хоць ён і ледзь заўважны. Зьвяртаючыся да губэрнатара Санкт-Пецярбургу Аляксандра Бяглова беларускі кіраўнік адзначыў:
«Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым на баршчавы набор спрабуеце кошты адрэгуляваць. Хаця нас крытыкавалі летась, што мы рэгулюем цэны».
Далей, разважаючы пра справядлівасьць і справядлівыя цэны, ён заявіў:
«Я абсалютна перакананы, што і Расея да гэтага прыйдзе. Нашыя славянскія народы — Украіна, Беларусь, Расея — найперш яны несправядлівасьці не пацярпяць. Хочам мы гэтага ці не, мы вымушаныя будзем гэтую справядлівасьць ствараць».
То бок, калі перакласьці гэты мэсэдж на зразумелую мову, то яго можна прачытаць так. У Беларусі справядлівы лад, у Расеі несправядлівы, Беларусь паказвае прыклад, перадавы досьвед, тут клапоцяцца пра народ, кантралююць цэны, расейцы будуць вымушаны прызнаць, прыняць, паўтараць гэты досьвед. Такім чынам, праз галаву піцерскага губэрнатара Лукашэнка апэлюе да расейцаў.
З чаго раптам Лукашэнка тут павучае «старэйшага брата»? Гэта дробная помста Пуціну, які двойцы кпіў з дэфіцыту бульбы ў Беларусі.
Калі вяртацца да пытаньня цэнаў, то варта заўважыць, што ўвесь час свайго кіраваньня Лукашэнка змагаецца з коштамі. Але вынікі гэтай барацьбы вельмі сумныя. Беларусь — адна з сусьветных лідэраў па інфляцыі за апошнія 30 гадоў.
Беларусь — адна з сусьветных лідэраў па інфляцыі за апошнія 30 гадоў
Як звычайна, развагі Лукашэнкі наконт цэнаў даволі супярэчлівыя і блытаныя. Маўляў, мы цэны не рэгулюем, а толькі імкнемся зрабіць іх справядлівымі. Нагадаю, на ўсялякі выпадак, што 6 кастрычніка 2022 году Лукашэнка выдаў адмысловую дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэн». Тады былі распачатыя дзясяткі крымінальных спраў адносна тых гаспадароў крамаў, дзе кошты павышаліся, арыштаваных бізнэсоўцаў прымушалі каяцца на відэакамэру, потым паказвалі гэта на ўсю краіну.
Вынікам гэтай кампаніі стаў дэфіцыт у крамах некаторых прадуктаў харчаваньня, найперш бульбы, адтэрмінаваная інфляцыя, банкруцтва шэрагу гандлёвых фірм.
Таму цяпер Лукашэнка больш асьцярожны. З аднаго боку ён абураецца, што цэны растуць, народ незадаволены («мне людзі пішуць кожны дзень»), урад «свавольнічае». А зь іншага боку, маўляў, мы не рэгулюем цэны (бо гісторыя пра зьніклую бульбу сядзіць у памяці), але патрабую справядлівых цэн.
Урад як звычайна ў такіх выпадках у разгубленасьці, бо не зразумела, як выканаць патрабаваньне Лукашэнкі, устанавіць «справядлівыя» цэны, і пры гэтым пазьбегнуць дэфіцыту тавараў у крамах.
Форум