Вілкі і відэльцы
Кніга «Мы ідзём на Марш!» Севярына Квяткоўскага — гэта істотна пашыраная вэрсія яго колішніх «Фрашак да пляшкі» (2007), назва якой перагукаецца з рэфрэнам песьні Нэўрадзюбэля «Рушымся на марс» (2015). І сама кніжка ў шырокім сэнсе — панкаўская, чытаць яе можна як зборнік кароткіх застольных показак, а можна як антрапалягічныя назіраньні, пра што ў пасьляслоўі сказаў Сяргей Шыдлоўскі: «мы займелі адмысловае антрапалягічнае дасьледаваньне». Кніжка цалкам пазбаўленая драматызму, а таму можа мець для чытача тэрапэўтычны эфэкт.
Умоўна яна падзяляецца на дзьве часткі: показкі да 2020 году і пасьля. Перад вачыма — жывая гісторыя з мноствам сюжэтаў і знаёмых герояў. Прычым падзеі да 2020-га ўспрымаюцца як «даваенныя». Яны і ў літаратурным сэнсе выпісаныя больш грунтоўна і завершана. Тое, што было пасьля, успрымаецца як аскепкі, беспарадак, хаатычныя назіраньні за тым, што сталася, без сыстэмы, гісторыі раскіданых на паўсьвету зьбянтэжаных людзей. Але прычына тут ня толькі ў тым, што гэта аб’ектыўны стан рэчаў «пасьля 2020-га», але і ў тым, што гэта насамрэч ня роспач, ці разгубленасьць, ці чаканьне, а рух. Мы, беларусы, сапраўды «ідзём на Марш!» (у мэтафарычным сэнсе).
Як і папярэдняе выданьне, вокладка кнігі аздобленая відэльцам — тады адным, цяпер пяцьцю. Аўтар расказаў пра гэта так:
«Вобраз відэльца прыдумаў Міхал Анемпадыстаў, аўтар вокладкі маёй першай кнігі „Фрашкі да пляшкі“. Гэта было ў 2007 годзе, а ў 2025-м кніга перавыдаецца пад адной вокладкай зь іншымі творамі. Відэлец — гэта прылада, якой можна падчапіць закуску падчас добрай бяседы, а можна моцна параніць праціўніка».
Відэлец як сымбаль беларускага супраціву — ад выразу «Падняць на вілкі» (вілкі, па-беларуску, калі хто забыўся, па-расейску — вилы). І тут адбываецца самае важнае.
Вядома ж, не магло ў гэтай кнізе ня быць «фірмовай» беларускай фрашкі з самога нашага жыцьця: «І вось, аднойчы на мосьце празь Сьвіслач на праспэкце Скарыны я пачуў сабе ў сьпіну: „Молодой человек, вы очень неправильно говорите по-белорусски“. Жанчынка сярэдніх гадоў зрабіла заўвагу».
Гэтыя словы, сказаныя па-расейску, чутыя шмат разоў і ў самых розных публічных сытуацыях, насамрэч — квінтэсэнцыя лукашызму, і азначаюць яны пустату, несапраўднасьць, тое, чаго ў прынцыпе ня мусіць быць.
Беларусь і Лукашусь
Тымаці Снайдэр у сваёй лекцыі казаў пра гісторыю: «Свабода пачынаецца з гісторыі. Без уласнай гісторыі няма ідэнтычнасьці, а без ідэнтычнасьці няма супраціву».
Інакш кажучы, у 2020-м беларусы выйшлі на марш, ня маючы дастаткова ідэнтычнасьці, а значыць, — ня маючы дастаткова ўласнай гісторыі, каб здабыць свабоду. А ўжо за мінулыя пяць гадоў адбыўся небывалы ніколі ў нас выбух уласнай гісторыі (кнігі, перадачы, шоў, каналы ў мэдыя і сеціве, дзе і што толькі магчыма), а значыць — абуджэньне сваёй ідэнтычнасьці і закладзенай у ёй волі да супраціву.
Паралельна зь лекцыяй Снайдэра адбылася прэзэнтацыя кнігі Севярына Квяткоўскага. У інтэрвію Квяткоўскі падсумаваў: «Трэба адляпляць вобраз беларусаў ад лукашызму».
То бок ня можа быць супраціву, калі ты (так ці інакш) — у адным целе з сатрапам.
Ня раз заўважаю, што Менск бывае вусьцішна пусты. Проста настолькі пусты, як не бывае ні ў адной з сталіц. А гэта калі раптам зьнікае Беларусь і застаецца адна Лукашусь.
Так часам называюць нашу краіну — Лукашусь. Тое, што робіць Лукашэнка, перастае суадносіцца з рэальнай краінай Беларусь і рэальнай беларускай нацыяй. Называць лукашызм Беларусьсю як мінімум некамфортна, як максымум — памылкова. У кожным разе, нельга казаць, што «Беларусь сёньня сядзіць у турме» (Алесь Бяляцкі)… у Беларусі.
За Лукашусь ніхто ніколі не паміраў, Лукашусь ня мае сваёй мовы, сваёй культуры, яе, напрыклад, немагчыма любіць. Яна нічога не прыдумала свайго, нават існуе не «за свае», а «за расею». «Расею прадаяце?» У кнізе Квяткоўскага і пра гэта ёсьць фрашка:
«Першая кабета насьцярожана зьвярнулася да Віктара:
— Вы же из Белоруссии? Когда-то давно, когда мы с моим Игорьком только поженились, его отправили в командировку в Минск. Планировал после дел в фирме-партнёре остаться на денёк, походить-посмотреть, но вернулся в тот же вечер, что приехал. Самолётом полетел — за свои! Говорит, мол, выходит на ж-д-вокзале из московского поезда, а ему каждый встречный: „Россию продаёшь, Россию продаёшь?“… Говорит, и стар, и млад, и мужики, и даже бабушки. „Россию продаёшь, сынок?“ Вернулся — руки тряслись».
У Лукашусі няма ні каранёў, ні фантазіі, яна як іржа, што разьядае контуры прызнанай у сьвеце незалежнай краіны Беларусі. Хто ў ёй жыве? Лукашэнка зь сям’ёй, з прапагандыстамі, ну і тая «сьвятая прастата», якая абавязкова заўважыць вам, што «вы неправильно по-белорусски разговариваете».
Лукашусь пазбаўленая пачуцьця гумару. Гумар зьнік з афіцыйнай прасторы Лукашусі. У тым ліку і фармальна — калі зьнік часопіс «Вожык» (у 2021-м) — і ўтварылася пустата, у якой вядоўцы ў тэлевізары пачалі лаяцца матам. Адсутнасьць пачуцьця гумару гэта дазваляе. У 2020-м пачалі масава і брутальна садзіць людзей у турмы. Лукашусь ператварылася ў канцлягер для вальнадумцаў, а сьледам пачала разбураць адну за адной усе галіны вытворчасьці, паслуг і ўсяго, што яшчэ магло працаваць…
А рэч у тым, што проста зьнікла ілюзія і адзінае сапраўднае, што засталося ў Лукашусі — гэта беларускія людзі ў турмах. Яны патрэбныя не для гандлю ці абмену. Яны патрэбныя рэжыму для падтрыманьня ілюзіі праўдзівасьці сябе. Гэта адзінае сапраўднае, за што можа трымацца Лукашусь, бо ўсё іншае выявілася муляжом ды фікцыяй, тым бадыльком, за які ў дрыгве ня ўхопісься.
Беларусь цяпер не перасякаецца з Лукашусьсю, толькі ў рэпрэсіях. Беларусь — цэльная, ад прыроды сваёй да культуры і да чалавека, які ад Бога нараджаецца свабодным. Беларусь у Беларусі цяпер у закладніках у Лукашусі. Але Беларусь ужо мае і сваю замяжу. І пры тым Беларусь адна — краіна, нацыя, культура.
Адляпляць ад лукашызму
І вось у чым тут рэч. Колішнія фрашкі да пляшкі чытаюцца, як адлюстраваньне цэльнага, завершанага жыцьця — таго, што можна культываваць, пра што можна марыць і вяртаньня чаго можна хацець у будучыні. Але тут якраз і нявыкрутка. Тады было весела, але вярнуцца туды немагчыма. Той колішні вобраз краіны быў вобразам, дзе Беларусь і Лукашусь так ці інакш яшчэ перасякаліся, нават крыху ядналіся міжсобку. Але цяпер яны цалкам разлучыліся — краіна з нацыяй адляпляюцца ад пустаты.
У Лукашусі ніколі не было адказнасьці за Беларусь, беларусаў, беларускую будучыню, культуру і мову. Сёньня гэта ўсё апынулася ў турме. Не таму, што яно камусьці пагражала, а таму, што Лукашусь безь Беларусі існаваць ня можа, хай сабе і ў такім перавернутым з ног на галаву стане.
Лукашусь паразытуе на Беларусі, бо насамрэч такой дзяржавы і нацыі ніколі не было, няма і ня будзе.
Надоечы ў мяне папрасілі ацаніць, колькі моладзі вернецца з-за мяжы праз 10-15 гадоў. Я, натуральна, не Настрадамус. Хутчэй даверуся тым, хто сьцьвярджае, што дарослых людзей не бывае. Як і моладзі. Кожны мае сваю галаву на плячах, малады ён ці дарослы.
Адно, што расчытваю ў кнізе «Мы ідзём на Марш!», — каб жыць, у беларусаў проста няма іншага выйсьця, як беларусець.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум