Пасьля парушэньня паветранай прасторы Літвы дронам «Гербера» зь Беларусі на мінулым тыдні галоўны дарадца прэзыдэнта Гітанаса Наўседы па нацыянальнай бясьпецы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што рэакцыя Службы аховы кіраўніцтва (САР) на інцыдэнт сьведчыць аб прафэсійнай гатоўнасьці супрацоўнікаў да такіх сытуацый, паведамляе агенцтва Delfi.
У мінулы чацьвер Служба аховы дзяржаўнай мяжы паведаміла, што ў Літву зь Беларусі заляцеў бесьпілётнік, падобны да самаробнага самалёта. Паводле памежнікаў, дрон ляцеў на вышыні 100 мэтраў з хуткасцю 50-60 км/г, нагадвае Delfi.
Матулёніс адзначыў, што дрон ляцеў над тэрыторыяй Літвы вельмі кароткі час, таму, на ягоную думку, папярэджаньне жыхароў аб набліжэньні бесьпілётніка магло б стварыць бессэнсоўную напружанасьць.
«Зьнешне дрон, які прыляцеў з Беларусі, падобны да бесьпілётніка „Шахед“, але гэта муляж для выпрабаваньня сыстэм супрацьпаветранай абароны ці для праверкі на вучэньнях, як ён працуе, як працуе ўся сыстэма СПА. У нас пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што гэта было наўмыснае дзеяньне. Але, вядома, мы ня можам гэтага выключаць», — сказаў дарадца прэзыдэнта. Паводле Дэйвідаса Матулёніса, інцыдэнт, зафіксаваны на мінулым тыдні, паказаў, што Літва і краіны Ўсходняга флянга NATO павінны ўзмацніць абараназдольнасьць на мяжы.
«Перш за ўсё, гэты інцыдэнт паказаў, што мы павінны рыхтаваць ня толькі ўмацаваньні на нашай мяжы, будаваць іх, але і шукаць шляхі ўзмацненьня абароны ад бесьпілётнікаў на нашай мяжы. І тут я хачу падкрэсьліць, што па ініцыятыве прэзыдэнта, яшчэ да пасяджэньня Эўрапейскай рады, быў ініцыяваны ліст чатырох дзяржаў — Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы — з просьбай да Эўрапейскай камісіі паставіцца да пытаньня абароны нашай усходняй мяжы як да прыярытэту ў кантэксьце эўрапейскага фінансаваньня», — заявіў дарадца літоўскага прэзыдэнта, адзначыўшы, што ахова мяжы будзе адным з найважнейшых прыярытэтаў у найбліжэйшай будучыні.
Як улічваюцца расейска-беларускія вучэньні «Захад»
Адказваючы на пытаньне аб тым, ці могуць падобныя інцыдэнты паўтарыцца ў найбліжэйшай будучыні — напрыклад, увосень, калі пройдуць расейска-беларускія вучэньні «Захад», — Дэйвідас Матулёніс не выключыў такой магчымасьці.
«Цяжка сказаць, ці паўторыцца гэта. Але мы таксама адпаведным чынам рыхтуемся — актыўная фаза вучэньняў пачнецца ў сярэдзіне верасьня. Усё магчыма, нічога нельга выключаць. Таму неабходна прыняць канкрэтныя меры», — растлумачыў дарадца прэзыдэнта Літвы.
«Не магу сказаць на 100 працэнтаў, што мы гатовы, але, гаворачы пра больш сур’ёзны інцыдэнт, асабліва цяпер, калі гэтае пытаньне зноў паўстала дастаткова востра, думаю, што ў найбліжэйшы час нашы сілы будуць дзейнічаць ва ўмовах павышанай гатоўнасьці, і ўсё павінна быць у парадку», — адзначыў Дэйвідас Матулёніс.
Форум