Пра гэта паведамляе DW.
Дванаццаць краін, у тым ліку Нямеччына, ЗША і Швайцарыі, сумесна з Эўрапейскім агенцтвам па супрацоўніцтве органаў юстыцыі (Эўраюстам) і Эўрапейскім паліцэйскім агенцтвам (Эўрапол) прынялі меры супраць хакерскай групоўкі NoName057 (16). Па дадзеных сьледзтва, яна адказная за шматлікія DDoS-напады на крытычна важныя аб’екты інфраструктуры, уключаючы пастаўшчыкоў электраэнэргіі і грамадзкі транспарт у Эўропе. Аб паліцэйскай апэрацыі ў сераду, 16 ліпеня, паведамілі ў прэсавай службе Эўраюсту.
Паводле яе інфармацыі, падчас акцыі 15 ліпеня групоўка была ліквідаваная, выяўленыя восем падазраваных, у тым ліку кіраўнікі групоўкі, якія пражываюць у РФ.
Масіраваныя кібэратакі па ўсёй Эўропе
NoName057(16) заяўляла аб падтрымцы Масквы з пачатку вайны РФ супраць Украіны. Хакеры ўчынілі 14 нападаў у Нямеччыне, некаторыя зь іх працягваліся некалькі дзён і закранулі каля 230 арганізацый, уключаючы абарончыя заводы, пастаўшчыкоў электраэнэргіі і ўрадавыя арганізацыі.
Кібэрнапады ўчыняліся ў Эўропе і падчас выбараў. У Швэцыі атакі зазналі сайты органаў улады і банкаў, у Швайцарыі напады ажыцьцяўляліся падчас відэазвароту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага да парлямэнту ў чэрвені 2023 года і падчас Саміту міру для Ўкраіны ў чэрвені 2024 года. Падчас саміту NATO ў канцы чэрвеня 2025 году атака была рэалізаваная ў Нідэрляндах.
Групоўка стварыла бот-сетку з сотняў сэрвэраў па ўсім сьвеце і мабілізавала каля 4000 карыстальнікаў.
Восем міжнародных ордэраў на арышт
Падчас скаардынаваных дзеяньняў у васьмі краінах 15 ліпеня ўладам удалося вывесьці з ладу больш за 100 хакерскіх сэрвэраў па ўсім сьвеце. Ператрусы прайшлі па 24 адрасах у Нямеччыне, Гішпаніі, Італіі, Чэхіі, Польшчы і Францыі. Улады паінфармавалі групоўку, 1100 яе прыхільнікаў і 17 адміністратараў аб крымінальнай адказнасьці. Адносна васьмі падазраваных былі выдадзеныя міжнародныя ордэры на арышт. Толькі Нямеччына выпісала шэсьць ордэраў на арышт асноўных падазраваных, якія жывуць у Расеі.
Як удакладніла агенцтва AFP, расьсьледаваньне вялося зь лістапада 2023 году.
Форум