Сьцісла:
- Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 15 ліпеня з прэзыдэнтам Інданэзіі Прабова Суб’янта была нечаканай, у тым ліку і для лукашэнкаўскай прэсавай службы. Амаль нічога не паведамляецца пра зьмест перамоваў.
- Таваразварот Беларусі з Інданэзіяй у 2024 годзе склаў каля $210–220 млн, пры гэтым беларускі экспарт — $180–190 млн. У апошнім пераважае калій.
- Беларусь стала паўнавартасным чальцом ШАС у крызісны момант, які перажывае гэтая арганізацыя. Сябры ШАС Індыя, Пакістан, Іран нядаўна былі ў стане вайны. А арганізацыя стваралася дзеля «запэўненьня рэгіянальнай бясьпекі».
Аб’яўлены кіраўніцтвам Беларусі стратэгічны паварот замежнай палітыкі на Ўсход адбываецца падчас абрыву кантактаў афіцыйнага Менску з краінамі Захаду. Невыпадкова візыт у Менск спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага стаў амаль што міжнароднай сэнсацыяй. А вось азіяцкі вэктар рэалізуецца інтэнсіўна, што асабліва выяўляецца апошнімі днямі. Менск наведаў прэзыдэнт Інданэзіі Прабова Суб’янта. Лукашэнка сустрэўся з рэктарам Пэкінскага ўнівэрсытэту, міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў удзельнічаў у Пэкіне ў сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС), а потым наведвае Лаос і Тайлянд.
Прэзыдэнт Інданэзіі заехаў у Менск па дарозе з Эўропы, але незразумелая лягістыка ягонай паездкі
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Інданэзіі Прабова Суб’янта ўвечары 15 ліпеня была нечаканай. Візыт інданэзійскага госьця ў Беларусь не анансаваўся. Гледзячы па ўсім, ён стаў нечаканым і для прэсавай службы Лукашэнкі. Бо інфармацыя пра перамовы ў Менску была вельмі сьціплай. Не паведамляюць пра статус візыту (рабочы, афіцыйны?). Прабова Суб’янта заехаў у Менск па дарозе з Эўропы (ён быў у Францыі, Бэльгіі), але незразумелая лягістыка ягонай паездкі, бо самалёты з краін ЭЗ у Беларусь ня лётаюць. Амаль нічога не паведамляюць і пра зьмест перамоваў. Візыт быў настолькі нечаканым, што дзяржаўныя мэдыя не былі гатовыя яго расьпіярыць, хоць падзея для замежнай палітыкі Беларусі значная.
Інданэзія — чацьвёртая ў сьвеце па колькасьці насельніцтва краіна, там жывуць каля 280 млн чалавек. Аднак дасюль вялікай цікавасьці ў разьвіцьці беларуска-інданэзійскіх адносінаў не выяўлялася. Амбасада Беларусі ў Інданэзіі існуе, аднак пасольства гэтай краіны ў Менску няма, функцыі амбасадара тут выконвае інданэзійскі пасол у Расеі.
Лукашэнка наведаў Інданэзію зь дзяржаўным візытам у 2013 годзе. А візыт у адказ адбыўся толькі цяпер.
Паводле інданэзійскага боку, таваразварот зь Беларусьсю ў 2024 годзе склаў каля $210–220 млн, пры гэтым экспарт з Інданэзіі ў Беларусь ацэньваецца ў $30–35 млн, а імпарт зь Беларусі — у $180–190 млн.
Асноўны беларускі тавар на інданэзійскім рынку — хлёрысты калій. Інданэзія стала чацьвёртай краінай у сьвеце пасьля Кітаю, Бразыліі і Індыі ў імпарце беларускага калію. Доля беларускай прадукцыі ў сукупным імпарце гэтага тавару Інданэзіі ацэньваецца прыблізна ў 20 працэнтаў.
Лукашэнка наведаў Інданэзію ў 2013 годзе. А візыт у адказ адбыўся толькі цяпер
Паседжаньне Рады міністраў замежных справаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) — рутынная падзея, праводзіцца штогод перад сустрэчай гэтай арганізацыі на найвышэйшым узроўні, якая адбудзецца неўзабаве ў Пэкіне. Але цяперашні збор меў асаблівасьці. Па-першае, міністар замежных справаў Беларусі ўпершыню ўдзельнічаў у паседжаньні ў новым статусе. Цяпер Беларусь — паўнавартасны чалец гэтай арганізацыі.
Аднак паўнафарматнае сяброўства Беларусі ў ШАС прыпала на нялёгкія часы для гэтага аб’яднаньня. Хоць у афіцыйным выступе на форуме дамінавалі бадзёрыя, патасныя ноты. Максім Рыжанкоў нагадаў пачатковую місію ШАС — «запэўненьне рэгіянальнай бясьпекі». Старшыня КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы з кіраўнікамі МЗС казаў, што ШАС «дэманструе магутную жыцьцёвую сілу», «першараднымі задачамі арганізацыі на сёньня ёсьць захаваньне добрасуседзкіх адносінаў, гарантаваньне бясьпекі і стабільнасьці».
Аднак усе гэтыя заявы робяцца тады, калі дзьве краіны ШАС — Індыя і Пакістан — нядаўна ваявалі між сабой і сьвет з жахам сачыў, ці выкарыстаюць яны ядзерную зброю. Іншая краіна-чалец ШАС — Іран — толькі што была у стане вайны з Ізраілем і ЗША. І ці моцна дапамагла ШАС, каб не дапусьціць вайны ці хоць бы спыніць яе? На гэтым тле развагі пра місію ШАС у «запэўненьні рэгіянальнай бясьпекі» выглядаюць насьмешкай.
Ня думаю, што візыты Рыжанкова ў Лаос і Тайлянд прынясуць Беларусі нейкі важкі плён. Досьвед мінулых візытаў кіраўніка МЗС у краіны «глябальнага Поўдня», скажам мякка, зусім не пераканаўчы. У кантактах афіцыйных асобаў Беларусі з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі пераважае вялікі піяраўскі складнік, дэманстрацыя браку міжнароднай ізаляцыі. Але моцна бракуе практычных вынікаў, у прыватнасьці, у эканамічнай супрацы.
Форум