Аб гэтым паведамляе выданьне Probusiness.io.
«Да пачатку красавіка 2025 году колькасьць актыўных справаў аб няплатаздольнасьці і банкруцтве ў Беларусі дасягнула 1217 супраць 615 годам раней, вырасшы амаль удвая.
Асноўны ўклад у гэты рост унёс Менск, дзе колькасьць працэдураў вырасла з 239 да 586 (+145 працэнтаў). Сярод рэгіёнаў асабліва значны рост зафіксаваны ў Менскай (188 працэнтаў), Магілёўскай (177 працэнтаў) і Горадзенскай (78 працэнтаў) вобласьцях. Віцебская вобласьць стала адзіным рэгіёнам, дзе адзначана скарачэньне на 5%», — піша выданьне.
Гандлёвы сэктар па-ранейшаму займае першую пазыцыю, хоць яго доля зьнізілася з 43,5% у першым квартале 2024 году да 36,6% ў аналягічным пэрыядзе 2025 году. Доля будаўнічых кампаніяў таксама зьменшылася з 16,6% да 13%. Назіраецца рэзкі рост долі працэдураў банкруцтваў у транспартнай сфэры — з 5,8% да 15,4%, што паказвае на пагаршэньне фінансавага стану прадпрыемстваў у гэтай галіне, сьведчыць выданьне. Аб прычынах росту банкруцтваў яно піша:
«Агляд дынамікі за апошнія 10 гадоў паказвае, што бягучая сытуацыя шмат у чым ёсьць працягам доўгатэрміновых тэндэнцыяў. Статыстыка банкруцтваў і няплатаздольнасьці прадпрыемстваў у Беларусі за першы квартал 2025 году адлюстроўвае адаптацыйныя зрухі якасьці структуры эканомікі да актуальных праблемаў і выклікаў, якія стаяць перад ёю».
Беларуская эканоміка, хоць і адрэзаная ад сусьветных эканамічных трэндаў заходнімі санкцыямі, ня здолела адгарадзіцца ад эканамічных праблемаў, характэрных для эўрапейскіх рынкавых эканомік.
Так, як паведамляе агенцтва Delfi, сытуацыя ў эканоміцы Літвы падобная структураю банкруцтваў :
«Летась у Літве было зафіксавана 1079 банкруцтваў прадпрыемстваў, што на 16,1 працэнта больш, чым у 2023 годзе, пра гэта сьведчаць вынікі аналізу Creditinfo Lietuva», — паведамляе Delfi.
Найбольш банкруцтваў у Літве — у будаўнічай сфэры, за ёю ідзе гандаль, замыкае тройку транспартна-лягістычная сфэра, там у 2024 годзе збанкрутавала на 74% больш кампаніяў, чым у 2023-м.
Форум