Сьцісла
- Пашырэньне дапамогі Ўкраіне, пагроза другаснымі санкцыямі гандлёвым партнэрам Расеі — не прызнаньне правалу мірных перамоваў, а спосаб іх вядзеньня.
- Пуцін у адказ можа трываць, плаціць падвышаную цану за працяг вайны, але можа і пайсьці на дээскаляцыю ці нават пагадзіцца на мірную ўгоду.
- Наступствам новага ахалоджаньня амэрыкана-расейскіх адносінах стане, хутчэй за ўсё, паўза ў амэрыканска-беларускім дыпляматычным дыялёгу.
- Наступствам апошніх рашэньняў Трампа можа стаць больш агрэсіўны і небясьпечны сцэнар вучэньняў «Захад-2025» на тэрыторыі Беларусі.
Прымаючы ў Белым доме генэральнага сакратара NATO Марка Рутэ, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб павялічэньні вайсковай дапамогі Ўкраіне. У прыватнасьці, ён сказаў, што размова ідзе аб пастаўцы Ўкраіне 17 надзвычай эфэктыўных амэрыканскіх СПА Patriot. Раней Украіна атрымала толькі 7 такіх амэрыканскіх установак. Трамп таксама абвясьціў, што калі мірнае пагадненьне ня будзе дасягнутае на працягу 50 дзён, супраць гандлёвых партнэраў Расеі будуць уведзеныя тарыфы ў памеры 100%. Прэзыдэнт ЗША патлумачыў прынятыя і заплянаваныя меры тым, што ён «вельмі незадаволены Расеяй».
Кажучы пра павялічэньне вайсковых паставак Украіне, Трамп заявіў, што плаціць за іх будзе Эўропа: «Мы будзем вырабляць узбраеньне, але плаціць за яго будуць яны, ня мы». Ці азначаюць гэтыя заявы прэзыдэнта ЗША, што ён прызнае правал спробаў дасягнуць мірнага ўрэгуляваньня і пераходзіць да кардынальна іншай палітыкі адносна Расеі? Наагул кажучы, не.
Яшчэ летась, да прыходу Трампа ў Белы дом, некаторыя экспэрты тлумачылі яго стратэгію дасягненьня міру ва Ўкраіне наступным чынам: Трамп будзе ціснуць на Ўкраіну, скарачаючы вайсковую дапамогу ёй, і ён будзе ціснуць на Расею, павялічваючы дапамогу ўзбраеньнямі Ўкраіне. Як бачым, гэты прагноз цалкам спраўджваецца. Трамп ціснуў на Зяленскага, Украіна ішла на саступкі. А Масква — не. Цяпер ён цісьне на Расею, на Пуціна.
У размове з Рутэ Трамп, абвяшчаючы пагрозу другаснымі санкцыямі супраць гандлёвых партнэраў РФ, патлумачыў, што разьлічвае на дасягненьне мірных дамоўленасьцяў і назваў гандаль «добрай прыладай для таго, каб спыняць войны». Іншымі словамі, цяперашнія крокі Трампа — гэта не канчатковае прызнаньне няўдачы спробаў дасягнуць урэгуляваньня. Гэта чарговая, у новай форме, спроба яго дасягнуць.
Чым адкажа Пуцін?
Як казаў знакаміты амэрыканскі гангстэр Аль Капоне, пісталетам і добрым словам можна дасягнуць больш, чым толькі добрым словам. Да апошняга часу Трамп падахвочваў Крэмль да мірнага пагадненьня пераважна добрым словам, а цяпер дадаў больш пераканаўчыя аргумэнты. Апошнім часам прэзыдэнт ЗША не шкадаваў і ня вельмі прыемных словаў на адрас Пуціна. Аднак падчас прыгаданай размовы з Рутэ назваў гаспадара Крамля «крутым хлопцам», а ва ўчорашнім інтэрвію BBC адзначыў, што «расчараваны ім, але яшчэ не паставіў на ім крыж». Не злачынца, не забойца — проста цяжкі, упарты, спрытны партнэр па магчымай ўгодзе.
З улікам гэтага — як могуць разьвівацца падзеі далей? Пуцін можа трываць, працягваць сваю палітыку, не зважаючы на адказ Вашынгтону, губляючы яшчэ больш салдат і тэхнікі, атрымліваючы больш моцныя ўдары па расейскай тэрыторыі. Трамп сваімі рашэньнямі падвысіў цану гэтага. Але магчыма, Пуцін гатовы яе плаціць. З разьлікам на тое, што Трамп пераканаецца ў бясплённасьці ціску і альбо вернецца да ўлагоджваньняў, альбо наагул нарэшце махне рукой на сваю мару аб мірным урэгуляваньні вайны ва Ўкраіне. Разьлік не пазбаўлены шанцаў, але варта адзначыць, што ў дадзеным выпадку за ціск плаціць будуць не ЗША, а Эўропа. Трамп сваім ціскам ідзе на стратэгічныя рызыкі, але не на фінансавыя. Калі Пуцін гатовы плаціць, трываючы ціск, Трампу за ціск грашыма плаціць не давядзецца. Што забясьпечвае магчымасьць для яго працягваць ціск даволі доўга, прынамсі, да таго часу, пакуль за яго будзе гатовая плаціць Эўропа.
Гэты чыньнік можна схіліць Пуціна да таго, каб абраць іншую лінію дзеяньня. Вайсковая дапамога, абвешчаная Трампам, не прадугледжвае разгрому Расеі. Яна прадугледжвае прымус Масквы да ўгоды, да пагадненьня. Умовы якой напэўна блізкія да пляну Келага. Гэтыя ўмовы — істотна менш, чым тое, чаго хацела б атрымаць Расея, але заўважальна больш, чым украінская формула міру аб вяртаньні да межаў 1991 году. Наўрад ці Пуцін наўпрост зараз, калі новая дапамога яшчэ нават не патрапіла ва Ўкраіну, пойдзе на мірную ўгоду. Але ён можа прынамсі зьменшыць інтэнсіўнасьць абстрэлаў украінскіх гарадоў (нічога не прымушае яго трымаць яе на цяперашнім беспрэцэдэнтным узроўні) і па меншай меры прыпыніць сухапутны наступ на полі бою. Гэта можа быць зроблена з разьлікам на тое, што Трамп палічыць падобныя паводзіны пазытыўным адказам на яго сыгнал і аслабіць ціск. Але зьніжэньне інтэнсіўнасьці вайны можа быць пралёгам і да паступовага прыняцьця трампаўскіх умоваў мірнага ўрэгуляваньня, якія Пуцін зможа прыняць без страты твару.
Трамп разьлічвае на другі сцэнар. Да апошняга часу няпэўнасьць была зброяй аднаго Пуціна — невядома было, на якія ўмовы міру ён гатовы пайсьці, зь якой інтэнсіўнасьцю ён будзе працягваць ваяваць. Трамп сваімі рашэньнямі стварыў няпэўнасьць на другім баку — дапамогу ў якім аб’ёме і якімі ўзбраеньнямі ён гатовы аказаць Украіне, наколькі моцна ўдараць па расейскай эканоміцы другасныя санкцыі. Што ўскладняе для Пуціна выбар на карысьць варыянту працягу вайны, не зважаючы ні на што.
Беларускае рэха абвастрэньня амэрыкана-расейскіх адносінаў
Што ўсе гэтыя расклады азначаюць для Беларусі? Пасьля візыту Кіта Келага і вызваленьня групы палітвязьняў, у тым ліку і Сяргея Ціханоўскага, нейкіх новых крокаў у беларуска-амэрыканскіх адносінах не было. Праўладны прапагандыст Юры Васкрасенскі ахарактарызаваў сытуацыю наступным чынам: «400 чалавек ужо выйшлі, а дзе ў адказ хоць якая-небудзь “плюшка”?».
Як «плюшку» можна разглядаць самы візыт Келага. Але іншых «плюшак» з амэрыканскага і сапраўды пакуль не было. Што можа падштурхнуць Менск да таго, каб узяць паўзу, пачакаць, ці будуць. А апошнія рашэньні Трампа адносна вайны будуць падштурхоўваць да гэтага яшчэ мацней.
Гледзячы па першай расейскай рэакцыі, там не ўспрымаюць гэтыя рашэньні, як новы поўны разрыў адносінаў, як вяртаньне двухбаковых стасункаў у часы Байдэна, У Маскве заявы пра дадатковую дапамогу Ўкраіне і пагрозу другаснымі санкцыямі ўспрымаюць як гандаль, а не абвяшчэньне вайны на зьнішчэньне. Аднак пэўнае ахалоджаньне адносінаў (і без таго ня вельмі цёплых), скарачэньне кантактаў на высокім узроўні, вяртаньне канфрантацыйнай рыторыкі, будзе непазьбежным.
На гэтым фоне працяг дыялёгу Менску і Вашынгтону (хай і вельмі асьцярожнага) выглядае заняткам больш рызыкоўным, чым быў зусім нядаўна, калі Трамп адносна Расеі абыходзіўся пераважна добрым словам. На фоне паляпшэньня адносінаў паміж Масквой і Вашынгтонам Лукашэнка мог дазволіць сабе весьці сваю сьціплую гульню з амэрыканцамі. На фоне новага абвастрэньня амэрыкана-расейскіх адносінаў ён наўрад ці зможа сабе гэта дазволіць.
Ну і чыста практычна — калі Трамп пагражае «пякельнымі» другаснымі санкцыямі Расеі, то цяжка ўявіць сабе, што ён у той жа час будзе неяк зьмяншаць санкцыі адносна найбліжэйшага саюзьніка Расеі. Так што паўза ў амэрыкана-беларускіх адносінах выглядае зараз практычна адзіным рэалістычным сцэнаром.
Беларусь можа адыграць пэўную ролю ў чарговым раўндзе абвастрэньня амэрыкана-расейскіх адносінаў і ў сувязі з вучэньнямі «Захад-2025» на беларускай тэрыторыі. Гэтыя вучэньні пройдуць у верасьні, як раз тады, калі завершыцца дзеяньне 50-дзённага ўльтыматуму Трампа наконт другасных санкцыяў адносна гандлёвых партнэраў Расеі. Пэўны час таму Менск абвясьціў аб скарачэньні маштабаў гэтых вучэньняў і правядзеньні іх падалей ад межаў заходніх суседзяў. Але гэта было да апошніх рашэньняў Трампа.
Калі Пуцін у адказ на гэтыя рашэньні абярэ варыянт дээскаляцыі і нават заключэньня мірнага пагадненьня, то ніякіх сюрпрызаў ад вучэньняў чакаць ня варта. Але калі ён вырашаць не зьніжаць, а можа і нават падвышаць інтэнсіўнасьць эскаляцыі, то рознае можа быць. Сцэнар вучэньняў можна ж памяняць яшчэ раз, зрабіць больш агрэсіўным і небясьпечным. Арэал правядзеньня вучэньняў як звузілі, гэтак можна і пашырыць, падвесьці да самай мяжы з Польшчай, напрыклад. Неабавязкова, каб напасьці. Але каб падвысіць стаўкі, каб на ціск адказаць ціскам, каб паглыбіць эскаляцыю.
У сваіх апошніх заявах Трамп фактычна прызнаў, што не зусім дакладна ацэньваў Пуціна. Ня ў тым сэнсе, што лічыў яго цудоўным чалавекам, а аказалася інакш. Лічыў халодным палітыкам, жорсткім гандляром, але асобай, здольнай на выгадную для яго ўгоду. Выгадную па ацэнцы Трампа. Але ня выключана, што Пуцін проста інакш падлічвае выгаду. Ці наагул не падлічвае і гатовы плаціць за веліч Расеі, як ён яе разумее, любую цану.
Форум