Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі арыштавалі зямельны ўчастак былой рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб


Аксана Колб, архіўнае фота
Аксана Колб, архіўнае фота

Арышт маёмасьці адбыўся яшчэ 31 ліпеня 2024 году, але пра гэта Аксана Колб даведалася толькі днямі.

Аксана Колб мяркуе, што гэта адбылося ў межах крымінальнай справы, заведзенай на яе ў канцы 2023 году нібыта «за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» і «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», піша БАЖ.

Былая рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб кажа, што ўсю маёмасьць, якая заставалася ў яе ў Беларусі, складалі «зямельны ўчастак у 6 сотак, спадчына па маме, і каля 30 акцый прадпрыемства „Лідабудматэрыялы“».

«Днямі высьветлілася, што 31 ліпеня 2024 на ўчастак наклалі арышт. Ці арыштаваныя акцыі, ня ведаю, але думаю, што так. Спраўдзіць пакуль што, праўда, не магу», — расказала журналістка службе маніторынгу БАЖ.

Перасьлед Аксаны Колб

Рэдактарку незалежнай газэты «Новы Час» Аксану Колб затрымалі 20 красавіка 2022 году. Тады група сілавікоў з шчытамі і кувалдамі прыехала да яе ў кватэру, каб забраць «на допыт у Сьледчы камітэт». Праз два дні стала вядома, што ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Журналістку ўзялі пад варту і да суду трымалі ў сьледчым ізалятары.

15 чэрвеня 2022 году судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітры Карсюк прызнаў Аксану Колб вінаватай і прызначыў ёй 2,5 году абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на г. зв. «хімію»).

Журналістку вызвалілі ў залі суду, яна пакінула Беларусь.

Увосень 2022 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ўключыла былую палітзьняволеную ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».

На пасадзе галоўнай рэдактаркі незалежнай агульнанацыянальнай газэты «Новы Час» Аксана Колб працавала больш за восем гадоў, была другім кіраўніком выданьня пасьля заснавальніка газэты Аляксея Караля.

Праваабаронцы прызнавалі Аксану Колб «Журналістам 2022 году».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG