Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская сетка крамаў «Востраў чысьціні і смаку» перайшла ва ўласнасьць расейца


Сымболіка сеткі дыскаўнтэраў «Востраў чысьціні і смаку»
Сымболіка сеткі дыскаўнтэраў «Востраў чысьціні і смаку»

Летась сетку дыскаўнтэраў «Востраў чысьціні і смаку» набыла кампанія «АйландГруп». Суму ўгоды і бэнэфіцыяра не называлі. Цяпер сталі вядомыя новыя дэталі.

Выданьне Probusiness.io апублікавала інтэрвію з намесьніцай дырэктара сеткі «Востраў чысьціні і смаку» Натальляй Навумавай.

«На гэты момант сетка крамаў працягвае функцыянаваць у звыклым фармаце. Цяпер адкрытыя 59 крамаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі», — заявіла яна выданьню.

Крамы па-ранейшаму прадаюць бытавую хімію, прадукты харчаваньня і алькаголь. Зараз, з словаў Навумавай, рыхтуецца рэбрэндынг маркі.

«Што тычыцца ўласнасьці, то гандлёвая марка „Востраў чысьціні і смаку“ належыць беларускай юрыдычнай асобе, бэнэфіцыярам якой ёсьць адзіны рэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі — прыватная асоба», — заявіла яна.

Яна абяцала, што ў Менску могуць быць адкрытыя некаторыя крамы гандлёвай маркі, якія цяпер стаяць закрытымі. Зь яе словаў, былога ўладальніка Віктара Рамука цяпер няма ў кіраўніцтве кампаніі.

Інфармацыя аб праблемах сеткі «Востраў чысьціні і смаку» зьявілася ў другой палове 2023 году. У крамах сеткі скараціўся асартымэнт, а некаторыя зь іх закрыліся. Фінансавае становішча кампаніяў сям’і вядомага бізнэсоўца Віктара Рамука пахіснулася пасьля пільнай цікавасьці сілавікоў. У чэрвені 2024 году стала вядома, што ўладальнікі сеткі ліквідуюць усе зьвязаныя зь ёю кампаніі, згортваюць дзейнасьць як ІП і заснавальнікі сеткі. У верасьні зьявілася інфармацыя, што брэнд «Востраў чысьціні і смаку» перайшоў да новай кампаніі «АйландГруп».

  • Сетка крамаў «Востраў чысьціні і смаку» ўваходзіла ў групу кампаній «Ромакс», якая працуе на беларускім рынку з 1998 году. Крамы «Востраў чысьціні» (ранейшая назва сеткі) пачалі працу ў Беларусі ў 2010 годзе з продажаў бытавой хіміі і гаспадарчых тавараў. Уладальнікі сеткі крамаў — сужэнцы Віктар і Аксана Рамукі. Галоўны бэнэфіцыяр групы кампаніяў «Ромакс» — Ёсіф Рамук, бацька Віктара Рамука.
  • У верасьні 2022 году сілавікі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў правялі ператрус у офісе кампаніі «Ромакс». Незалежныя тэлеграм-каналы пісалі, што ў менскім аэрапорце ў той жа дзень затрымалі заснавальніка групы кампаній Віктара Рамука з жонкай, але афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было.
  • У лютым 2024 году заснавальнік групы кампаніяў «Ромакс» Віктар Рамук зьявіўся ў мэдыя і заявіў рэсурсу Probusiness.io, што ён скарачае бізнэc.
  • Гандлёвая сетка «Востраў чысьціні і смаку» стабільна скарачалася. У траўні стала вядома, што некалькі юрыдычных асобаў, зьвязаных зь сеткай, ліквідуюцца. У ліпені адна з кампаніяў групы «Ромакс», у якую ўваходзіць сетка, падала заяву ў суд аб фінансавай няплатаздольнасьці.
  • у 2024 годзе сетку дыскаўнтэраў «Востраў чысьціні і смаку» набыла кампанія «АйландГруп».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG