Паводле аналітыкаў Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР), інфляцыя ў Беларусі ў чэрвені 2025 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась склала 7,3%. У траўні такі паказьнік складаў 7,1%. Паскарэньне інфляцыі адзначаецца ў сэгмэнтах харчовых тавараў (да 10,5% у чэрвені пасьля 9,6% месяцам раней) і нехарчовых тавараў (3,6% пасьля 3,2% адпаведна). Рост цэнаў на паслугі крыху замарудзіўся і склаў 7,1%.
Інфляцыйны ціск у Беларусі застаецца падвышаным. Паводле аналітыкаў, актыўны спажывецкі попыт, які падтрымліваецца ростам рэальных заробкаў і пашырэньнем крэдытаваньня, працягне аказваць праінфляцыйны ціск у Беларусі, — гаворыцца ў тыднёвай справаздачы Эўразійскага банку разьвіцьця, апублікаванай 14 ліпеня.
«Чакаем інфляцыю на ўзроўні 7,7% год да году паводле вынікаў 2025-га», — заявілі аналітыкі ЭАБР.
Адпаведна з падпісанымі Лукашэнкам прагнознымі парамэтрамі эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2025 год «мэтавая задача абмежаваньня інфляцыі прадугледжваецца на ўзроўні, не вышэйшым за 5%».
Форум