Міністэрства лясной гаспадаркі скасавала ўсе акцыі і нарады, каб засяродзіцца на разборы бураломаў пасьля непагадзі

Наступствы ўрагану ў Беларусі. Архіўнае фота

Міністар лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандар Кулік празь вялікія маштабы зьнішчаных ураганамі лясных масіваў скасаваў усе культурна-масавыя і спартовыя захады, а таксама сэмінары і нарады, заплянаваныя на ліпень, каб сканцэнтравацца на ліквідацыі наступстваў стыхіі.

«Максымальна сканцэнтравацца на вызначэньні дакладных аб’ёмаў пацярпелых пасадак, апэратыўна разьмеркаваць аб’ёмы работ і пачаць разбор новых бураломаў», — сказаў Аляксандар Кулік на апэратыўнай нарадзе.

Міністар ня выключыў, што невытворчыя захады могуць быць скасаваныя і ў жніўні.

Як адзначае ведамства, у пацярпелыя раёны Магілёўскай вобласьці плянуюць накіраваць дадатковыя сілы і рэсурсы для ліквідацыі наступстваў стыхіі.

Раней у Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамлялі, што ў выніку стыхіі 9–10 ліпеня ў Магілёўскай вобласьці пацярпела ня менш за 1800 га лясоў. Найбольш ад буры пацярпеў Клімавіцкі лясгас, дзе пашкоджана каля 300 гектараў лесу. Цяпер там трэба правесьці суцэльныя санітарныя высечкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад буры на Магілёўшчыне пацярпела 1800 га лясоў, частку іх будуць высякаць


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі дагэтуль ліквідуюць наступствы непагадзі, на 14 ліпеня зноў абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі