Расейскі IT-гігант «Яндекс» пераносіць частку вытворчасьці сваіх «разумных» тэлевізараў сэрыі «ТВ Станция» з галасавым памочнікам «Алиса» з Кітаю ў Беларусь, паведаміў расейскі Forbes.
Зьбіраць іх будуць на менскім заводзе H-tv, які, паводле прадстаўніцы прадпрыемства, ужо выпускае паўсотні брэндаў тэлевізараў, што займаюць 48% расейскага рынку.
Беларускі бок інвэставаў 2 мільёны даляраў у новы рабатызаваны канвэер і правёў навучаньне работнікаў у Кітаі.
З Кітаю ж будуць завозіць экраны для тэлевізараў. Гэта найдаражэйшы кампанэнт, ня выключана, што дзякуючы зборцы ў Беларусі «Яндэкс» зможа эканоміць на мыце.
Тэставую партыю тэлевізараў выпусьцілі ў чэрвені, а масавую зборку плянуюць пачаць у жніўні.
Вытворчасьць тэлевізараў з усталяванымі праграмамі «Яндэксу» дазваляе кампаніі ўтрымліваць кліентаў у сваёй сыстэме і прывучаць іх карыстацца сваімі сэрвісамі, кажа суразмоўца Forbes.
H-tv — гэта частка холдынгу «Гарызонт», які адлічвае гісторыю з 1940 году, калі ў Менску на вывезеным зь Вільні абсталяваньні пачаў працу радыёзавод. H-tv працуе на месцы колішняй філіі радыёзаводу, дзе з 1970 году рабілі корпусы для кінэскопных тэлевізараў. Унітарнае прадпрыемства «H-ЦіВі» зьявілася ў 2008 годзе. У 2010-м «Гарызонт» стаў холдынгам больш як дваццаці арганізацыяў і заводаў.
У 2023 годзе супраць «Гарызонту» за пастаўкі электронікі для вайсковых патрэбаў Расеі ўвялі санкцыі Ўкраіна і ЗША, пазьней да іх далучылася Аўстралія.
«Яндекс» зьявіўся ў 1997 годзе як пошукавая сыстэма і разросься ў шматпрофільную кампанію з разнастайнымі сэрвісамі, у тым ліку таксі, дастаўкай, воблачнымі тэхналёгіямі, аўтаномнымі аўтамабілямі, мапамі і г.д. Тэлевізары ён выпускае з 2022 году.
У 2017 годзе Ўкраіна забараніла «Яндэкс» на сваёй тэрыторыі. У 2022-м пад санкцыі Эўразьвязу трапілі два прадстаўнікі кіраўніцтва «Яндэксу», якія пазьней пакінулі кампанію.
Форум