Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўпершыню падчас вайны зьмянілі ўрад. Прэм’еркай стала Юлія Сьвірыдзенка, папярэдні прэм'ер прызначаны міністрам абароны

абноўлена

Вярхоўная рада Ўкраіны. Архіўнае фота
Вярхоўная рада Ўкраіны. Архіўнае фота

Дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны падтрымалі прапанаваную Ўладзімірам Зяленскім кандыдатуру на пасаду кіраўніка ўраду.

За прызначэньне Юліі Сьвірыдзенкі прэм’єр-міністрам Украіны прагаласавалі 262 дэпутаты.

Ужо традыцыйна фракцыя Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» не галасавала па гэтым пытаньні.

«Мы не нясем адказнасьці за кадравыя рашэньні гэтай улады», — паведаміла прадстаўніца гэтай фракцыі Ірына Герашчанка.

Пасьля зацьвярджэньня на пасадзе прэм’ера Юлія Сьвірыдзенка прадставіла парлямэнту склад свайго ўраду. У ім будуць працаваць 12 чалавек зь мінулага Кабінэту міністраў.

Некаторыя зь іх ачоляць іншыя міністэрствы:

Міхайла Фёдараў — першы віцэ-прэм’ер-міністар, міністар лічбавай трансфармацыі (у папярэднім складзе ўраду быў міністрам лічбавай трансфармацыі і віцэ-прэм’ерам. — РС);

Аляксей Кулеба захаваў пасаду віцэ-прэм’ера ў пытаньнях аднаўленьня, ён міністар разьвіцьця грамадаў і тэрыторыяў;

Тарас Качка — віцэ-прэм’ер у пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі (у папярэднім складзе ўраду працаваў намесьнікам міністра эканомікі. — РС);

Мацьвей Бедны захаваў пасаду міністра моладзі й спорту;

Герман Галушчанка — міністар юстыцыі (у папярэднім складзе ўраду працаваў міністрам энэргетыкі. — РС);

Сьвятлана Грынчук — міністар энэргетыкі;

Дзяніс Улюцін — міністар сацыяльнай палітыкі, сям’і і адзінства;

Натальля Калмыкова захавала пасаду міністра вэтэранаў;

Ігар Кліменка захаваў пасаду міністра ўнутраных справаў;

Аксен Лісавы захаваў пасаду міністра адукацыі і навукі;

Віктар Ляшко захаваў пасаду міністра аховы здароўя;

Сяргей Марчанка захаваў пасаду міністра фінансаў;

Андрэй Сыбіга захаваў пасаду міністра замежных справаў;

Аляксей Собалеў — міністар эканомікі, навакольля і сельскай гаспадаркі.

Папярэдні прэм’ер Дзяніс Шмыгаль стаў міністрам абароны.

Пасьля прадстаўленьня Юліі Сьвірыдзенка ў Вярхоўнай Радзе і галасаваньня па яе кандыдатуры, Уладзімір Зяленскі паведаміў аб яшчэ адным прызначэньні.

Ва Ўкраіне зьявіцца пасада спэцыяльна ўпаўнаважанага прэзыдэнта ў пытаньнях разьвіцьця супрацы з ЗША. На гэтую пасаду Ўладзімір Зяленскі прызначыў экс-міністра юстыцыі Вольгу Стэфанішыну, пакуль яе кандыдатура праходзіць «належныя працэдуры ўзгадненьня з Вашынгтонам на пасаду амбасадара Ўкраіны ў ЗША».

Што вядома пра новую кіраўніцу ўраду Ўкраіны

Юлія Сьвірыдзенка нарадзілася 25 сьнежня 1985 году.

  • У 2008 годзе закончыла з чырвоным дыплёмам Кіеўскі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт антыманапольнай дзейнасьці». Працавала на розных прадпрыемствах у Чарнігаве.
  • У палітыку прыйшла ў верасьні 2017 году, калі яе прызначылі спачатку выканаўцай абавязкаў, а потым першай намесьніцай старшыні Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. У другой палове 2018 году выконвала абавязкі кіраўніка абласной адміністрацыі.
  • Пасьля прыходу да ўлады Ўладзіміра Зяленскага працавала намесьніцай міністра разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі (зь верасьня 2019 да ліпеня 2020 году).
  • У канцы сьнежня 2019 году яе выбралі кіраўніцай праўленьня Фонду сацыяльнага страхаваньня. У гэтым статусе яна да 2021 году працавала ў складзе трохбаковай кантактнай групы, якая зьбіралася ў Менску.
  • У сьнежні 2020 году перайшла ў Офіс прэзыдэнта ў статусе намесьніцы кіраўніка.
  • У 2021 годзе яе прызначылі міністрам эканомікі, а ў лістападзе таго ж году — віцэ-прэм’ер-міністрам.
  • У жніўні 2022 году Юлія Сьвірыдзенка ачоліла міжведамасную працоўную групу ў пытаньнях рэалізацыі дзяржаўнай санкцыйнай палітыкі. Яна вяла перамовы зь Вялікай Брытаніяй аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG