Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы накіравала Беларусі ноту пратэсту за бесьпілётнік «Гербера»


Расейскі БПЛА «Гербера»
Расейскі БПЛА «Гербера»

Інцыдэнт здарыўся 10 ліпеня.

Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту ў сувязі зь нядаўнім залётам расейскага бесьпілётніка «Гербера» на тэрыторыю краіны.

У ноце выказваецца рашучы пратэст супраць незаконнага залёту расейскага бесьпілётніка зь Беларусі.

«Паветраны апарат разьбіўся на тэрыторыі Літвы, прыкладна за кілямэтар ад дзяржаўнай мяжы. Міністэрства замежных справаў Літвы строга патрабуе ад Беларусі як мага хутчэй растлумачыць гэты інцыдэнт і прыняць усе неабходныя меры для перадухіленьня паўтарэньня падобных інцыдэнтаў у будучыні», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы.

Паводле кіраўніка МЗС Літвы Кястуціса Будрыса, за тое, што ў Літву залятаюць вайсковывя дроны, нясе адказнасьць Беларусь, якая гэта дапускае.

Міністар назваў зьяўленьне «Герберы» ў Літве «сур’ёзным парушэньнем», у Літвы не было магчымасьці хутка ідэнтыфікаваць абʼект, таму давялося падымаць паветраную паліцыю, сказаў Будрыс.

Пасьля парушэньня паветранай прасторы Літвы дронам «Гербера» зь Беларусі кіраўнікоў дзяржавы адвялі ў сховішча, аднак агульная трывога не аб’яўлялася. Галоўны дарадца прэзыдэнта Гітанаса Наўседы ў нацыянальнай бясьпецы Дзяйвідас Матулёніс заявіў, што рэакцыя Службы аховы кіраўніцтва на інцыдэнт сьведчыць аб прафэсійнай гатоўнасьці супрацоўнікаў да такіх сытуацыяў, паведамляе агенцтва Delfi.

10 ліпеня ў Літву зь Беларусі заляцеў бесьпілётнік, падобны да самаробнага самалёта. Паводле памежнікаў, дрон ляцеў на вышыні 100 мэтраў з хуткасцю 50-60 км/г, нагадвае Delfi.

Матулёніс адзначыў, што дрон ляцеў над тэрыторыяй Літвы вельмі кароткі час, таму, на ягоную думку, папярэджаньне жыхароў аб набліжэньні бесьпілётніка магло б стварыць бессэнсоўную напружанасьць.

«Вонкава дрон, які прыляцеў зь Беларусі, падобны да бесьпілётніка „Шахед“, але гэта муляж для выпрабаваньня сыстэмаў супрацьпаветранай абароны ці для праверкі на вучэньнях, як ён працуе, як працуе ўся сыстэма СПА. У нас пакуль няма пацьверджанай інфармацыі пра тое, што гэта было наўмыснае дзеяньне. Але, вядома, мы ня можам гэтага выключаць», — сказаў дарадца прэзыдэнта. Паводле Дзяйвідаса Матулёніса, інцыдэнт, зафіксаваны на мінулым тыдні, паказаў, што Літва і краіны ўсходняга флянгу NATO павінны ўзмацніць абараназдольнасьць на мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG