Кампанія «Lesta games» перайшла пад кіраваньне нядаўна створанай маскоўскай кампаніі са статутным фондам 128 даляраў.
Маскоўскае выданьне Forbes паведаміла, што кампанія «Lesta games», канфіскаваная ва ўласнасьць расейскай дзяржавы, перайшла створанай 1 ліпеня маскоўскай кампаніі «Айти Технологии».
Гэта вынікае з дадзеных расейскага Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў. Пад кіраваньне новай арганізацыі таксама перайшлі 100 працэнтаў акцый кампаній «Леста Геймс Москва» і «Леста Геймс Эдженси».
Раней маскоўскі суд задаволіў пазоў Генпракуратуры Расеі і канфіскаваў тры кампаніі — распрацоўшчыка гульні «World of Tanks» на карысьць дзяржавы.
Узначальвае кампанію «Айти Технологии» мэнэджэр, зьвязаны з Росмаёмасьцю, даведаліся журналісты:
«Генэральным дырэктарам „Айти Технологии“ паказаны Ігар Крывашэеў, статутны капітал кампаніі складае 10 000 рублёў», — піша выданьне. Гэта каля 128 даляраў ЗША.
Кампанія «Lesta games» афіцыйна стала дзяржаўнай з 11 чэрвеня 2025 года. Яна перайшла ва ўласнасьць Фэдэральнага агенцтва па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю. Расейская дзяржава атрымала кантроль ня толькі над асноўнай кампаніяй, але і над дзьвюма яе «дочкамі»: «Леста Геймс Москва» і «Леста Геймс Эдженси». Апошняя выконвае вядучую ролю ў камэрцыйнай дзейнасьці групы і мае правы на такія вядомыя праекты, як «Мир танков», «Мир кораблей» і «Наша игра» на тэрыторыі Расеі і Беларусі.
3 чэрвеня ў Расеі забаранілі дзейнасьць кампаніі «Леста», кіраўніка кампаніі Маліка Хатажаева прызналі экстрэмістам на фоне супрацоўніцтва з кіраўніком студыі Wargaming Віктарам Кіслым і абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага аб’яднаньня».
Што папярэднічала
Расейская студыя Lesta Games з пачаткам вайны выкупіла ў Wargaming бізнэс у Беларусі і Расеі. Пазьней яна трапіла пад ціск расейскіх сілавых і судовых структураў.
Кампаніі выставілі абвінавачаньні ў фінансаваньні Ўзброеных сіл Украіны.
Кампанія Wargaming вядомая дзякуючы гульні World of Tanks. З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны кіраўніцтва Wargaming прыняло рашэньне пакінуць рынкі Расеі і Беларусі, мясцовыя актывы перадалі расейскаму мэнэджмэнту кампаніі.
Lesta Games — расейская кампанія, якая ўтварылася ў выніку разьдзелу кіпрскай кампаніі зь беларускімі каранямі Wargaming і перадачы расейскаму мэнэджмэнту права ўласнасьці на яе гульнёвы бізнэс у Расеі і Беларусі. Разьдзел завяршыўся ў 2023 годзе.
У канцы красавіка 2025 году расейскі суд арыштаваў актывы Lesta Games.
Малік Хатажаеў, уладальнік Lesta Games, заяўляў, што ён не падтрымлівае адносін з уласьнікам Wargaming Віктарам Кіслым зь лета 2023 году, калі адбыўся падзел кампаніі.
Wargaming захавала свой падразьдзел ва Ўкраіне, які сапраўды падтрымлівае Ўкраіну ў вайне, а беларуская дзяржаўная прапаганда абвінаваціла аднаго з кіраўнікоў кампаніі Мікалая Кацалапава ў ахвяраваньнях беларускім апазыцыйным структурам на «сотні тысяч даляраў». Улады Беларусі ў 2023 годзе нават абвінавацілі яго ў «фінансаваньні тэрарызму» і ўнесьлі ў сьпіс «тэрарыстаў».
Як Wargaming дапамагае Ўкраіне
Wargaming шмат ахвяруе на падтрымку грамадзян Украіны. Кампанія накіравала мільён даляраў на мэдычную дапамогу і абсталяваньне ў першы тыдзень вайны, перадала 100 тысяч даляраў дапамогі пацярпелым ад разбурэньня грэблі Кахоўскай ГЭС.
Пазьней кампанія Wargaming запусьціла двухтыднёвы дабрачынны праект для падтрыманьня Ўкраіны ў вайне, на мэты мэдычнай дапамогі.
«Сотні нашых супрацоўнікаў робяць ахвяраваньні з уласнай ініцыятывы. Так, унутры кампаніі ўдалося сабраць 200 тысяч эўра на закупку машын хуткай дапамогі для ўкраінскіх мэдыкаў. А зараз вы можаце падтрымаць тых, каго закранула вайна, разам з намі. Для гэтага мы запускаем WargamingUnited — наш найбуйнейшы дабрачынны праект», — паведамлялі ў кампаніі.
- Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы.
- Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў многіх краінах і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
- У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офісу ў іншыя краіны.
- Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцэ» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзьвюх краінах і правяла рэбрэндынг сэрыі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.