Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завочна запатрабавалі 18 гадоў турмы Акуніну, абвясьцілі вышук Быкава


Барыс Акунін, Дзьмітрый Быкаў. Каляж
Барыс Акунін, Дзьмітрый Быкаў. Каляж

Расейская пракуратура на завочным судзе над вядомым пісьменьнікам Барысам Акуніным запатрабавала пакараць яго 18 гадамі калёніі строгага рэжыму. Улады абвінавачваюць яго ў садзеяньні тэрарыстычнай дзейнасьці, апраўданьні тэрарызму і парушэньні закону аб «замежных агентах», паведаміла «Медиазона».

Акуніна вінавацяць у публікацыі матэрыялаў без адпаведнай пазнакі «замежнага агента».

«Апраўданьне тэрарызму» зьвязанае зь ягоным допісам, дзе ён напісаў: «цяпер я за рэвалюцыю, бо ніякім іншым спосабам ад дыктатуры пазбавіцца ня ўдасца».

«Садзеяньнем тэрарызму» расейскія ўлады палічылі выказваньні Акуніна ў размове з пранкерамі, падчас якой ён заклікаў да аб’яднаньня расейскіх і ўкраінскіх культурных дзеячоў і агітаваньня расейскіх вайскоўцаў здавацца ў палон.

Сёньня ж МУС Расеі абвясьціла вышук пісьменьніка Дзьмітрыя Быкава, які таксама занесены ў Расеі ў сьпіс «замежных агентаў».

Сёлета ў красавіку супраць Дзьмітрыя Быкава завялі крымінальную справу.

Сьледчы камітэт Расеі абвінаваціў яго ў распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскае войска і ва ўхіленьні ад выкананьня абавязкаў «замежнага агента».

Таксама, паводле сьледзтва, Быкаў публікаваў відэа з «заведама ілжывай інфармацыяй пра дзеяньні Ўзброеных сілаў РФ супраць мірнага насельніцтва Ўкраіны».

  • Дзьмітрый Быкаў — пісьменьнік, паэт, публіцыст, вядомы вострай грамадзянскай пазыцыяй і як суаўтар праекту «Грамадзянін паэт» — сатырычнай перадачы зь вершамі на палітычныя тэмы, што выходзіла ў 2011–2012 гадах. У 2019 годзе Быкаў перанёс цяжкае атручаньне. Паводле расьсьледаваньняў Bellingcat і The Insider, гэта была спроба яго забойства з боку расейскіх спэцслужбаў. З восені 2021 году ён жыве ў ЗША.
  • Барыс Акунін (Грыгорый Чхартышвілі) — пісьменьнік і літаратуразнаўца, аўтар гістарычных дэтэктываў пра Эраста Фандорына і шматтомнай Гісторыі Расеі, якую ён называе «вольнай ад ідэалягічнай сыстэмы пры захаваньні дакладнасьці фактаў». З 2014 году ён жыве ў Эўропе.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG