Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні патрабавалі вызваленьня Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў у 4-ю гадавіну іх арышту. ФОТА


Акцыя салідарнасьці у падтрымку зьняволеных праваабаронцаў «Вясны», Вільня
Акцыя салідарнасьці у падтрымку зьняволеных праваабаронцаў «Вясны», Вільня

Пікет у падтрымку зьняволеных праваабаронцаў «Вясны» прайшоў 14 ліпеня ў цэнтры Вільні, на пляцы Вінцаса Кудзіркі.

У акцыі бралі ўдзел больш за 20 беларускіх актывістаў з плякатамі грамадзкай кампаніі #FreeViasna і бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сьцягамі, а таксама партыйнымі сьцягамі АГП і «Народнай грамады».

«Гэта штогадовая акцыя салідарнасьці, мэта якой — шырокае інфармаваньне грамадзкасьці Літвы пра ганебную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе нават ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру трымаюць за кратамі», — сказаў Свабодзе прадстаўнік «Вясны» Павал Сапелка.

Паводле Сапелкі, які разам з калегамі цяпер працуе ў выгнаньні ў Літве, грамадзкасьць сьвету актыўна спрабуе паспрыяць вызваленьню Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў Уладзя Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Пытаньне ў тым, каб урады дэмакратычных краінаў прыкладалі дзеля гэтага больш намаганьняў, мяркуе Сапелка.

«Праваабарончыя арганізацыі, грамадзкія ініцыятывы ўвесь час трымаюць гэтае пытаньне ў парадку дня. Але, на жаль, гэтых намаганьняў, як бачым, недастаткова. Мяркую, больш жорсткую пазыцыю мусяць займаць урады дэмакратычных краінаў, каб аказваць на беларускі рэжым такі ціск, які прывядзе да вызваленьня праваабаронцаў, журналістаў, грамадзкіх дзеячоў».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

За год, што мінуў ад леташняга пікету салідарнасьці зь вясноўцамі, выйшаў на волю валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк.

Гэта адбылося сёлета ў красавіку, а ўжо ў траўні праваабаронца мусіў зьехаць з Беларусі, асьцерагаючыся новых рэпрэсіяў. Пра тое, як іншыя зьняволеныя вясноўцы трымаюцца ў вязьніцах, паводле Паўла Сапелкі, інфармацыі вельмі мала.

«З таго мінімуму, які даходзіць, ведаем пра Алеся Бяляцкага — што ўзьніклі праблемы са здароўем. Пра Ўладзя Лабковіча і Валянціна Стэфановіча асаблівых навінаў няма — адбываюць пакараньне ў калёніях, працуюць. На волі іх чакаюць сем’і, дзеці. Марфа Рабкова перанесла ў зьняволеньні апэрацыю, стан яе здароўя патрабуе неадкладнага вызваленьня. Мы вельмі спадзяемся, што сумесныя намаганьні дзеля вызваленьня нашых калегаў дадуць добры вынік», — сказаў Павал Сапелка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» працягвае грамадзкую кампанію за вызваленьне сваіх калегаў. Паводле праваабаронцы Канстанціна Старадубца, гэтаму спрыяюць грамадзкія арганізацыі сьвету, у тым ліку Нобэлеўскі цэнтар міру.

«У Нобэлеўскага цэнтру няма юрыдычных вагароў уплыву. Адзінае, што яны могуць, — уплываць на ўрады, у тым ліку на ўрады Нарвэгіі і Швэцыі, каб праз палітычны ціск спрыяць вызваленьню ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Мы разам праводзім пэўныя акцыі салідарнасьці. Гэтак, у нас падрыхтаваная выстава, прысьвечаная Алесю і ўсім зьняволеным вясноўцам, якая ўжо пабывала ў шмат якіх краінах. Плянуем 25 верасьня, калі будзе дзень народзінаў Алеся, паказаць гэтую выставу ў Швэцыі. Мяркую, гэта будзе важная сымбалічная падзея, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу да постаці Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў-вясноўцаў», — расказаў Канстанцін Старадубец.

Канстанцін Старадубец
Канстанцін Старадубец
  • 4 гады таму, 14 ліпеня 2021 году, у Менску затрымалі праваабаронцаў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.
  • Праваабаронцаў абвінавацілі ў «кантрабандзе» і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
  • У сакавіку 2023 году судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю Лабковічу — 7 гадоў, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў, Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калёніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні ў адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.
  • Раней, у верасьні 2020 году, улады затрымалі валянтэрку «Вясны» Марфу Рабкову, якую ў выніку асудзілі на 14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня паводле шэрагу палітычных артыкулаў.
  • У кастрычніку 2020 году быў затрыманы валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк, якога пазьней асудзілі на 5 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня.

Глядзіце фільм «Свабоды» пра тое, чым займаюцца праваабаронцы і чаму крымінальная справа супраць іх палітычна матываваная.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.


Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў). Выйшаў на волю 18 красавіка 2025 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG