13 ліпеня праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што горадзенскі музычны гурт DZIECIUKI прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Паводле праваабаронцаў, такое рашэньне ўхвалілі 10 ліпеня. У МУС Беларусі мяркуюць, што дачыненьне да гурту маюць Аляксандар Дзянісаў, Уладзіслаў Бернат, Дзяніс Шматко, Цімафей Штароў, Аляксей Пудзін, Пётра Дудановіч. Апроч таго, тады ж у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» дадалі праект «Навіны Горадні і вобласьці». Паводле КДБ, дачыненьне да праекту мае Натальля Лантух.
У размове з Свабодай фронтмэн «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў расказаў, як успрыняў чарговы «тытул» ад беларускіх праваахоўнікаў, што зараз адбываецца зь Dzieciukami і якой ён бачыць будучыню краіны.
Непрыемнасьці для родных і блізкіх
«Я сам асабіста ўжо чатыры разы „экстрэміст“, — кажа Алесь Дзянісаў. — За „Белсат“ (Алесь супрацоўнічаў з каналам. — РС), другі раз гэта мае асабістыя старонкі ў Фэйсбуку і Ўкантакце, хоць я Ўкантакце гадоў 7-8 ня быў, забыў пароль і старонку не магу выдаліць. Трэці раз — назву нашага гурту, яго лягатып, песьні, кліпы ды гэтак далей. Чацьвёрты — вось зараз, калі „Дзецюкоў“ прызналі ўжо цэлым экстрэмісцкім фармаваньнем. Я ўвогуле ня ведаю, хто мог такі сьпіс скласьці з удзельнікаў гурту, для мяне загадка».
Алесь мае на ўвазе тое, што часткі ўдзельнікаў каманды ў сьпісе экстрэмісцкага фармаваньня «Дзецюкі» няма, а частка ёсьць. Музыка мяркуе, што маглі ўзяць састарэлыя зьвесткі, але і гэта ня ўсю лёгіку спэцслужбаў тлумачыць.
Алесь Дзянісаў, архіўнае фота
«Гэта хутчэй чарговыя праблемы для нашых родных і блізкіх, — кажа Алесь Дзянісаў. — Для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Вось і ўсё. Сілавікі гэта выдатна разумеюць. Адзінае, што яны могуць зрабіць зараз зь „Дзецюкамі“ — гэта непрыемнасьці нашым родным і блізкім. Да маёй маці, напрыклад, ламіліся ў дзьверы не адзін раз. Зараз знайшла позву ў Сьледчы камітэт. Дасылаюць, каб давесьці бабулю да інфаркту. У выніку сьледчы сам да яе прыйдзе заўтра (размова адбывалася 14 ліпеня. — РС). Маці сама ўжо дрэнна ходзіць».
Як кажа Алесь Дзянісаў, ён не да канца разумее, чаму сілавікоў цікавяць менавіта «Дзецюкі». Шмат хто зь беларускіх музыкаў, якія зьехалі з краіны пасьля 2020 году і працягваюць дзейнасьць за мяжой, такой цікавасьці ў спэцслужбаў Беларусі не выклікаюць.
«Магчыма, нейкая асабістая помста, — кажа Дзянісаў. — Асабіста мне хочуць нашкодзіць. Я магу прыблізна 5-6 прозьвішчаў прадстаўнікоў улады назваць, якія маглі б помсьціць асабіста мне. Таму чорт яго ведае. Можа, Караеў стаў „губэрнатарам“ і пачаў чысьціць такім чынам шэрагі тых, хто зьехаў. Сур’ёзна, я ня ведаю. Калі зусім шчыра сказаць, то мы ж нічога ў 2020-м не зрабілі такога. Я толькі паўдзельнічаў у кліпе Насты Шпакоўскай на песьню „ВАМ“. Моцная песьня пратэстаў 2020 году была».
Непрыемная асабіста для Алеся гісторыя здарылася сёлета перад канцэртам на Дзень Волі ў Варшаве. Яго імя было на афішы сярод іншых удзельнікаў выступу. Аднак Дзянісаў у выніку на сцэну ня выйшаў.
«Прыйшлі да маці і сказалі, што ў мяне будуць вялікія праблемы, калі я там выступлю, — расказвае Алесь. — Зразумела, што праблемы былі б не ў мяне, а ў яе. Такім чынам мне гэтую інфармацыю перадавалі. Я тады ўпершыню даў слабіну. Спалохаўся за сваю маці, адмовіўся ўдзельнічаць. На наступны дзень паехаў ва Ўроцлаў і выступіў там на такім жа канцэрце. Пра яго размовы не было. Толькі пра канцэрт у Варшаве казалі. Але для мяне нічым добрым ня скончылася тое: усё адно да маці прыяжджалі сілавікі, ламіліся, бегалі па суседзях. Усё робіцца для таго, каб зьнішчыць, каб прынізіць, каб здэнэрваваць».
Экстрэмісты з 2016-га
Алесь Дзянісаў кажа, што перажывае шмат за каго з музыкаў, якія застаюцца ў Беларусі і пакуль не былі затрыманыя ці арыштаваныя. Сам ён першыя праблемы зь сілавікамі займеў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х і з таго часу фактычна атрымаў той самы статус, які за ім спэцслужбы фармальна замацавалі толькі цяпер.
«Адзін зь першых канфліктаў у мяне быў зь імі, відаць, у 1996 годзе (год заснаваньня гуртУ „КальЯн“, дзе Алесь быў фронтмэнам. — РС), — узгадвае Дзянісаў. — Мы тады „забіліся“ з РНЕ (дамовіліся на сустрэчу; РНЕ — „Русское национальное единство“, ультранацыяналістычная расейская арганізацыя, актыўная ў Беларусі ў 1990-я гады. — РС) на Савецкай вуліцы ў Горадні. Зь імі былі фашысты і часткова футбольныя фанаты. З намі — моладзь апазыцыйная, анархісты, антыфашысты, прадстаўнікі польскай меншасьці былі. Выйшлі мы, замес адбыўся. Яны стаялі каля кінатэатру „Гродна“, мы ішлі з боку Савецкай плошчы. І тут з усіх бакоў пасыпаліся мянты».
Алесь Дзянісаў падчас выступу на курсах "Мова Нанова" ў Горадні, 2016 год
Як узгадвае Алесь Дзянісаў, скончылася гісторыя затрыманьнем усіх, хто выйшаў тады супраць чальцоў РНЕ. А расейскіх нацыяналістаў адпусьцілі.
«Тады ўсё гэта пачыналася, — кажа Дзянісаў. — Лібэральныя мэдыя пачалі казаць аб праблеме „чорных сьпісаў“ (забароны беларускім музыкам публічна выступаць. — РС), калі гэта пачало датычыць „Крамы“, N.R.M., а тое, што шмат хто з нас значна раней ня мог выступаць, нікога не хвалявала. Стас Пачобут (лідэр гурту Deviation. — РС) яшчэ ў канцы 90-х меў на сьцяне мапу, дзе ставіў сьцяжкі. Ён імі пазначаў месцы ў Беларусі, дзе Deviation больш ня зможа выступіць. У мяне такой мапы не было, але мы таксама пастаянна мелі забароны».
Алесь Дзянісаў расказвае, што шмат панк-гуртоў у Беларусі ад самага пачатку былі ў андэрграўндзе. Улады адразу ж прызнавалі іх радыкаламі і глушылі ўсімі спосабамі, якія толькі знаходзілі.
«У нас, агулам кажучы, у Беларусі і канцэртаў было няшмат, — узгадвае Алесь. — Прыяжджалі на фэстываль і не маглі выступіць, бо ўвесь фэстываль трапляў пад пагрозу забароны. Усе анархісты і панкі мелі такія праблемы ў Беларусі заўсёды. У „Дзецюкоў“ адразу тое самае было, хоць гэта ўжо быў іншы гурт і іншы стыль. Былі гады, калі мы маглі выступіць толькі ў Віцебску, бо Булаўскі неяк там дамаўляўся (Уладзімер Булаўскі, віцебскі культурны мэнэджар і арганізатар канцэртаў. — РС). Праўда, потым яму гэта не дапамагло і яго пасадзілі на некалькі гадоў. Былі і ў Менску канцэрты — фэстывалі нейкія, зборныя канцэрты. А ў Горадні мы выступілі ўвогуле толькі тройчы. Адзін раз падпольна, адзін раз паўпадпольна і адзін раз адкрыта. У канцы 2019 году ўпершыню. Калі ўжо ўсё ішло да завяршэньня».
75% выступаў за мяжой
Як расказвае Алесь, нават у самыя лібэральныя «дзясятыя» гады, у другой іх палове, «Дзецюкам» даводзілася ісьці на хітрыкі, каб магчы выступіць. Назву гурту не пазначалі на афішах, інфармацыю пра будучы выступ не публікавалі ў інтэрнэце. Як падлічылі самыя музыкі, каля 75% канцэртаў «Дзецюкоў» праходзілі за мяжой нават да лета 2020 году. У асноўным у Польшчы, але былі і Чэхія, і Нямеччына, Славаччына, Літва, Латвія й іншыя.
У 2014 годзе «Дзецюкі» трапілі ў навіны, бо іх затрымаў АМАП. Здарылася гэта не падчас канцэрту ці акцыі пратэсту, а на здымках кліпу на песьню «Хлопцы-балахоўцы». Ідэя кліпу належала не музыкам, рэквізыт у выглядзе вайсковай формы і зброі стогадовай даўніны таксама належаў ня ім.
«Не скажу, што нас там „паклалі“, гэта ўжо потым СМІ так разьдзьмулі гісторыю, — узгадвае Дзянісаў. — Не было так, як з „Ірдаратам“ (у 2021 годзе гурт Irdorath быў арыштаваны на лецішчы пад Менскам з удзелам АМАПу, музыкі атрымалі рэальныя тэрміны зьняволеньня — РС). Мы проста здымалі ўсё гэта чамусьці ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Заслаўі, там па дарозе езьдзілі розныя аўтамабілі, і тут мы на тачанцы зь бел-чырвона-белым сьцягам дарогу пераяжджаем. І з „Максімам“ (кулямёт брытанскай сыстэмы Maxim. — РС). І на кані нехта, таксама са сьцягам».
Выступ "Дзецюкоў" у менскім клюбе "Піраты" ў 2015 годзе
У выніку, узгадвае Алесь, да здымачнай групы пад’ехаў аўтамабіль, адкуль выйшлі міліцыянты, якія ветліва пацікавіліся, што ўвогуле адбываецца. Папрасілі спыніць здымкі і пачакаць на месцы падзеяў. Пасьля прыехалі ўжо шмат міліцыянтаў.
«Два „бобікі“, аўтазак зь Менску прыгналі, запакавалі нас у гэты аўтазак, — узгадвае Алесь Дзянісаў. — Рэжысэр ледзьве ня плакаў ад таго, што здымкі зьнішчаць. Але міліцыянты прагледзелі адзьняты матэрыял і вярнулі нам усё. Вельмі вэгетарыянскія часы былі. Ніхто ня біў нікога. Штуршкі былі, падштурхоўваньні ў аўтазак, усё такое. На расьцяжку паставілі ўсіх, абшукалі. Як разумею, шукалі наркату і сапраўдныя аўтаматы. Руля ў „Максіма“ была завараная — паглядзелі і вярнулі. Каб зараз так прынялі, то крымінальныя артыкулы ўжо стопудова былі б. Калі нейкі малады гурт на такое наважыцца, то ім ужо будзе вельмі дрэнна. Загрымяць як мінімум на некалькі гадоў».
Празь некалькі гадоў пасьля гэтага здарэньня зь «Дзецюкамі» здарыўся першы афіцыйна задакумэнтаваны «экстрэмізм». У 2016-м, пасьля выхаду другога альбому гурту «Рэха», яго мелі гучна прэзэнтаваць на вялікім канцэрце ў Менску. Тэксты песень з новай кружэлкі прыслалі ў Менгарвыканкам, чыноўнікі якога выступ забаранілі з прычыны «экстрэмізму».
«Было такое, праўда, нам так сказалі тады вусна, — узгадвае Дзянісаў падзеі 10-гадовай даўніны. — На паперы мы толькі зараз „экстрэмістамі“ сталі, а вусна нам пра гэта яшчэ ў 2016 сказалі. Таму сёньняшні „экстрэмізм“ — гэта толькі для магчымасьці завесьці крымінальныя справы. Фактычна мы даўно ўжо былі ў гэтым сьпісе».
Узгадвае Дзянісаў і яшчэ адзін выпадак з тых часоў. «Дзецюкі» мусілі ў Менску выступаць разам з расейскім гуртам з Санкт-Пецярбургу. Калі музыкі ўжо былі ў сталіцы, ім патэлефанаваў арганізатар і сказаў, што каля клюбу ўжо стаіць аўтазак. І што калі «Дзецюкі» даедуць да пляцоўкі, іх туды запакуюць поўным складам. Гарадзенцы ў выніку ў клюб не паехалі. На наступны дзень такі ж выступ быў заплянаваны ў Горадні, дзе ўсё адбылося, як і павінна было.
Эміграцыя і разагрэў The Real McKenzies
Пасьля 2020-га Алесь Дзянісаў і некаторыя ўдзельнікі «Дзецюкоў» вымушаныя былі зьехаць з краіны. Выступаў стала менш, музыкі змушана займаюцца ўладкаваньнем у новых умовах. Але выступы ўсё адно адбываюцца. Гурт езьдзіў на апошні фэст «Тутака», а ў жніўні выступіць на разагрэве перад варшаўскім і кракаўскім канцэртамі канадыйскіх зорак The Real McKenzies.
«Гэта не Metallica, вядома, — гаворыць Дзянісаў. — Для сярэднестатыстычнага беларуса назва гэтага гурту можа нічога не сказаць. Гэта зоркі сусьветнага ўзроўню, але ў спэцыфічным жанры. Як зоркі клясычнай музыкі ці рытм-энд-блюзу. Моладзі гэта невядома. Але на нашую творчасьць гэты кельтык-панк, вядома, паўплываў. Хоць мы заўсёды казалі, што мы проста беларускі фольк-панк».
Дзянісаў расказвае, як увогуле «Дзецюкам» удалося пазнаёміцца з канадыйцамі. У 2014 годзе The Real McKenzies выступалі ў Бэрліне. Як аматар падобнай музыкі, Алесь паехаў туды на канцэрт і пасьля выступу пазнаёміўся з басістам гурту. Той аказаўся непітушчым і, пакуль увесь гурт адпачываў на afterparty, мусіў прыбіраць апаратуру са сцэны. Беларус разгаварыўся зь ім, падараваў запіс «Дзецюкоў» на CD-дыску. На гэтым знаёмства, здавалася б, скончылася.
Удзельнікі гурта "Дзецюкі", 2013 год
«Ну вось прайшло дзесяць гадоў, The Real McKenzies едуць у Варшаву з канцэртам, — расказвае Алесь Дзянісаў. — Я ўжо квіткі купіў — сабе, жонцы, дачцэ. І ўзяў і напісаў ім. Перад гэтым яшчэ адзін з нашых былых удзельнікаў, які зараз грае ў гурце: B: N: („Бяз назвы“), пажартаваў, што яны на разагрэве ў The Foo Fighters граюць. Такі першакрасавіцкі жарт. А мне ідэя спадабалася, я ўзяў ды напісаў The Real McKenzies. Маўляў, хлопцы, мы сякія-такія, беларусы. Музыкі-ўцекачы, па палітыцы. Вы граеце ў Варшаве 4 жніўня. Наш вакаліст у 2014 годзе езьдзіў на ваш канцэрт у Бэрліне, падараваў вам наш дыск. І пішу, што мы хочам зайграць на разагрэве. Праходзіць месяц, і я атрымліваю адказ — „Хлопцы, здарова. А ці можаце вы зайграць ня толькі ў Варшаве перад намі, але яшчэ і ў Кракаве?“».
Што яшчэ ў «Дзецюкоў» зараз? Алесь Дзянісаў расказвае, што справы ў гурту па-рознаму. У 2020 годзе гурт пачаў рыхтаваць да выхаду новы альбом, але дыск так і ня выйшаў. Як кажа сам Алесь, частка тых песень ужо не актуальная. Апошні на гэты момант рэліз «Дзецюкоў» — міні-альбом «Зямля, агонь ды вада», які выйшаў у 2023 годзе. Пасьля пераезду за мяжу ў бачаньні будучай дзейнасьці музыкі падзяліліся. Хтосьці выступаў акустычна зь іншымі музыкамі, нехта перайшоў у іншыя гурты.
«Паўстала пытаньне, што ўвогуле з гуртам рабіць, — прызнаецца Алесь Дзянісаў. — У выніку мы проста зрабілі супольны чат і там прагаласавалі, каб брэнд застаўся. Магчыма, гэта была памылка. Але як ёсьць ужо, „Дзецюкі“ існуюць. Абноўлены склад, знайшлі спачатку польскіх музыкаў Zyzio і Mario, Дзяніса Шматко знайшлі. Неяк гурт аднавіўся патроху. Потым ізноў зьмены ў складзе, а трэба ўвесь час рэпэтаваць, гэта вельмі складана. Усе ж працуюць. Калі мы зьбярэмся раз на тыдзень, то гэта вельмі добра. Музыкі, як па мне, павінны мець 3-4 рэпэтыцыі на тыдзень, калі сур’ёзна да гурту ставіцца. А нам тут часам не да гэтага. Таму мы за ўсе гэтыя гады толькі сёлета на „Тутака“ прэзэнтавалі новую песьню».
«Стратэгічна я веру ў дабро»
Новая песьня «Дзецюкоў» створаная ў супрацы з паэтам Віталём Рыжковым. Акрамя прэзэнтаванай у Барыку песьні, гурт мае яшчэ дзьве, якія не ўвайшлі ў канцэптуальны, апошні на гэты момант міні-альбом і на якія нават зьнятыя два кліпы. Аднак паказаць іх «Дзецюкі» нікому ня могуць.
«Там здымаліся людзі, частка зь якіх зараз у Беларусі, — кажа Дзянісаў. — Мне так шкада, гэта а…енныя, прабачце, кліпы атрымаліся. Там нібы нічога новага, але вельмі клясны сюжэт у адным. І мы ня можам гэта выдаць. Вясёлыя такія песьні і кліпы. Адна пра нашыя вандроўкі, выезды, канцэрты за мяжой. Другі кліп на песьню „Вясёлы Роджэр над Котрай“. Там здымаліся нашыя сябры, частка зь іх у Беларусі — і таксама нельга выдаць».
Алесь Дзянісаў гаворыць, што «Дзецюкам» за мяжой прасьцей, чым некаторым іншым беларускім гуртам.
«Мы не прывязаныя да камэрцыі, — кажа Алесь. — Не залежым ад трэндаў, брэндаў і гэтак далей. Мы не жывем за кошт сваёй музыкі. Вольскі, „Дай Дарогу“, Irdorath — яны жывуць. Таму нам прасьцей. Беларуская мова мае свае плюсы, вядома. У Польшчы, Чэхіі, Славаччыне блізкасьць моваў дапамагае прыблізна разумець, пра што мы сьпяваем. Мы маем нейкія сувязі, якія дапамагаюць выступаць, хоць і не дапамагаюць зарабляць на гэтым. Нейкую вядомасьць мы маем. Але мы нават на разагрэве ў The Real McKenzies нічога не заробім, нам пакрыюць толькі дарогу да Кракава і назад».
Алесь Дзянісаў, архіўнае фота
Дзянісаў дадае, што большасьць беларускіх гуртоў за мяжой зараз па-ранейшаму накіраваная на беларускую дыяспару. На думку музыкі, гэта была пасьпяховая стратэгія, якая працавала нейкі час. Але зараз ужо паступова сытуацыя пачынае мяняцца.
«Я бачу пэрспэктыву для Irdorath ці гурту „Літы Талер“, — дадае Алесь Дзянісаў. — Яны граюць штосьці такое, што запатрабавана паўсюль. Бісэксуальнае, так скажам. Яно падабаецца ўсім. Вольскі можа быць на плаве, бо гэта ікона. Я бязь сьцёбу кажу. Паважаю творчасьць Лявона Артуравіча і разумею шырыню ягонай постаці. Горш для гуртоў, якія граюць нейкі ракешнік і цікавыя толькі беларусам».
Што ва ўмовах, калі цэлыя музычныя гурты становяцца «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», можа адбывацца з музыкай унутры Беларусі? Ці ёсьць там нешта новае, вартае ўвагі? Дзянісаў перакананы, што так.
«Усё там ёсьць, — кажа лідар „Дзецюкоў“. — Я не магу назваць прозьвішчы. Мне за ўсіх страшна. Вось вам прыклад Алега Хаменкі. Сядзеў чалавек у Беларусі, сядзеў — і сеў. Старыя музыкі там ёсьць, павага да іх вялікая. І маладыя ўзьнікаюць. Не хачу нікога і нічога сьвяціць. Апавяду нешта — да людзей прычэпяцца. Праводзяцца падпольныя канцэрты, аўтарская творчасьць разьвіваецца. Мэтал вельмі моцна разьвіваецца ў Беларусі. Хоць я вельмі пэсімыстычна гляджу наперад. Стратэгічна я веру ў дабро, дабро павінна перамагчы. Але яно вельмі далёка. Чалавеку, які пераходзіць на бок дабра, ніхто не абяцаў, што яму будзе добра. Я ўжо прызвычаіўся да думкі, што ня ўбачу сваю маці. Гэта сумна, але гэта праўда. Але ў новай песьні мы сьпяваем словамі Віталя Рыжкова аб тым, што „Мроя — гэта наша зброя“».