16 ліпеня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале апублікавалі Закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня правоў дзяцей», прыняты 12 ліпеня.
Паводле ацэнкі беларускіх праваабаронцаў, закон абмяжоўвае права на працу зь дзецьмі тым беларусам, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020-га і наступных гадоў.
Асноўныя палажэньні закону «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня правоў дзяцей» набудуць моц праз паўгоду, але частка — адразу пасьля апублікаваньня. Зьмены закранаюць Кодэкс аб шлюбе і сям’і, законы «Аб правах дзіцяці», «Аб гарантыях у сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў зь ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў», «Аб фізычнай культуры і спорце».
Дакумэнт удакладняе пералік артыкулаў КК, прысуд паводле якіх вядзе да абмежаваньня на працу зь дзецьмі. У прыватнасьці, пад забарону трапляюць фізычныя асобы, для якіх уступіў у законную сілу прысуд за ўчыненьне злачынстваў так званай «экстрэмісцкай накіраванасьці». Пад абмежаваньні трапілі асуджаныя паводле арт. 139, 145–147, 154, ч. 2 і 3 арт. 165, арт. 172, ч. 2 арт. 173, арт. 181–182, 187 КК.
Яшчэ на стадыі абмеркаваньня законапраекту праваабаронцы казалі, што прыняцьцё закону ў прапанаваным выглядзе зробіць больш жорсткімі і без таго драконаўскія правілы дазволу на пэдагагічную працу людзям, асуджаным за так званыя «злачынствы экстрэмісцкага характару». Пра гэта раней казаў юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка:
«Папраўдзе гэта ўжо азначала пазбаўленьне права на прафэсію: напрыклад, асуджаны паводле арт. 342 КК за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту настаўнік ня можа займацца пэдагагічнай дзейнасьцю, адбываючы крымінальнае пакараньне (дапусьцім, 2–3 гады), на працягу тэрміну суджанасьці (два гады) і пяць год пасьля пагашэньня суджанасьці, разам — каля 10 гадоў. Асуджаныя за заклікі да санкцыяў у інтэрнэце пазбаўленыя права на пэдагагічную дзейнасьць ня менш як на 14 гадоў (чатыры гады пазбаўленьня волі — мінімальная санкцыя паводле ч. 3 арт. 361 КК, пяць гадоў — тэрмін пагашэньня суджанасьці, пяць гадоў — тэрмін, прадугледжаны Законам «Аб процідзеяньні экстрэмізму»), — сказаў Павал Сапелка.
Паводле праваабаронцы, з прыняцьцем закону ў прапанаваным выглядзе праўная сытуацыя толькі пагоршыцца.
«Рэжым пайшоў далей: забарона стала бестэрміновай і распаўсюдзілася на ўсе формы працы зь дзецьмі, што зробіць больш жорсткімі і без таго драконаўскія правілы. Абмежавальныя меры на тэрмін, які перавышае тэрмін суджанасьці, маюць няпраўны характар: у адпаведнасьці з артыкулам 99 Крымінальнага кодэксу пагашэньне або зьняцьце суджанасьці анулюе праўныя наступствы крымінальнай адказнасьці. Закон „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму“ ўводзіць гранічны тэрмін абмежаваньняў на пэдагагічную дзейнасьць (у частцы рэалізацыі зьместу адукацыйных праграмаў)», — мяркуе юрыст «Вясны» Павал Сапелка.
У пераліку артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія паводле новага закону стануць падставай да абмежаваньня на працу з дзецьмі, таксама ёсьць гэтак званыя «наркатычныя» артыкулы ( 327–329, 331–332), артыкул 342 -1 аб прапагандзе самагубстваў, артыкулы 343 і 343-1, у якіх вядзецца пра выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, у тым ліку з выявамі непаўналетніх.
Аналягічныя зьмены, якія датычацца гэтых абмежаваньняў, унесеныя ў Кодэкс аб адукацыі і Закон «Аб фізычнай культуры і спорце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН скрытыкавалі беларускі законапраект, які абмяжоўвае права на працу зь дзецьмі для былых палітвязьняў