Трамп заявіў, што амэрыканская зброя, якую фінансуе NATO, ужо пастаўляецца ва Ўкраіну

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што першыя пастаўкі зброі, якую саюзьнікі купяць для Ўкраіны, ужо пачаліся.

«Яна ўжо пастаўляецца. Яна паступае зь Нямеччыны, а потым замяняецца Нямеччынай. І ўва ўсіх выпадках Злучаныя Штаты атрымліваюць поўную аплату... NATO будзе плаціць нам за ўсё. У некаторых выпадках мы атрымаем кампэнсацыю непасрэдна ад краін Эўрапейскага Зьвязу. Мы заўсёды атрымліваем свае грошы назад цалкам», — сказаў Дональд Трамп, адказваючы на пытаньне, калі будуць адпраўлены першыя ракеты Patriot, частка зброі, якую закупяць хаўрусьнікі.

Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс заявіў, што дзьве сыстэмы СПА Patriot рыхтуюцца да пастаўкі ва Ўкраіну. Нямеччына аплаціць іх перадачу, але канчатковыя тэхнічныя, лягістычныя і фінансавыя дэталі яшчэ патрабуюць удакладненьня, заявіў Пісторыюс 14 ліпеня пасьля сустрэчы зь міністрам абароны ЗША Пітам Гэґсэтам у Пэнтагоне.

Сустракаючыся з генэральным сакратаром NATO у Вашынгтоне 14 ліпеня, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён «вельмі незадаволены Расеяй». Трамп заявіў, што ўвядзе высокае мыта супраць Расеі, калі мірнае пагадненьне ня будзе дасягнутае цягам «50 дзён».

Тарыфы будуць «вельмі жорсткімі», сказаў прэзыдэнт ЗША. Гэта мыта для краін, якія дапамагаюць Расеі. Трамп назваў магчымую стаўку мыта ў 100%.

Каардынацыяй паставак амэрыканскай зброі Ўкраіне будзе займацца NATO, падкрэсьліў Трамп. «Мы будзем вырабляць узбраеньне, але плаціць за яго будуць яны, ня мы», — сказаў прэзыдэнт ЗША, маючы на ўвазе краіны Эўразьвязу.

Раней ён згадваў аб магчымасьці адпраўкі Ўкраіне дадатковых сыстэмаў СПА Patriot. Прэзыдэнт ЗША сказаў, што размова можа ісці аб 17 такіх сыстэмах. Паводле адкрытых зьвестак, Украіне на гэты момант было пастаўлена ня менш за 7 установак Patriot.

Раней мэдыя пісалі і пра тое, што разглядаецца магчымасьць паставак дальнабойных ракет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп заявіў, што ўвядзе высокае мыта супраць Расеі, калі міру ня будзе на працягу 50 дзён, і сказаў пра пастаўку 17 сыстэм Patriot
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі адрэагавалі на ўльтыматум Трампа і заявілі аб гатоўнасьці да трэцяга раўнду перамоваў з Украінай