Археолягі раскапалі падмуркі трэцяй вежы Крэўскага замку. ФОТА

Кансэрвацыя Крэўскага замку. Агульны выгляд, 2020 год

Сёлетнія раскопкі ў Крэўскім замку пацьвердзілі наяўнасьць трэцяй вежы ў замку, а таксама паказалі сьляды нападу на замак у 1433 годзе, кажа кіраўнік археалягічных працаў Алег Дзярновіч.

Аб нечаканых адкрыцьцях на раскопках у Крэўскім замку, што ў Смаргонскім раёне, расказаў для БЕЛТА вядучы навуковы супрацоўнік аддзелу гісторыі Беларусі IX–XVIII стагодзьдзяў і археаграфіі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

«За вясну і за першы месяц лета мы цалкам адкрылі пэрымэтар трэцяй вежы замку. Гэта абсалютна нечаканае адкрыцьцё, бо традыцыйна на ўсіх плянах, у рэканструкцыях, апісаньнях мы мелі зьвесткі толькі пра дзьве вежы. Раптам знаходзім трэцюю», — расказаў Дзярновіч.

Раскопкі ў Крэўскім замку. Падмуркі трэцяй вежы. 2025 год

Крэўскі замак стаў першым замкам ВКЛ, пабудаваным цалкам з каменю. У яго мурах у 1382 годзе забілі вялікага князя Кейстута, а пазьней падпісалі Крэўскую унію. У нашы дні ад замку засталіся толькі руіны, але цяпер тут ідуць раскопкі і рэстаўрацыйныя працы.

Дзярновіч кажа, што з 1432 па 1439 год у ВКЛ праходзіла грамадзянская вайна, якая закранула Крэўскі замак, князь Сьвідрыгайла ішоў на Вільню, і можна казаць, што тады і была разбураная трэцяя вежа.

«Найважнейшае адкрыцьцё апошніх тыдняў — хваёвае бервяно даўжынёй чатыры мэтры, якое знаходзілася на ўзроўні падлогі. На ім выразна заўважныя сьляды пажару 1433 году, калі князь Сьвідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак. Магчыма, тут войскі Сьвідрыгайлы і прарваліся», — дадаў Алег Дзярновіч.

Раскопкі ў Крэўскім замку. Бервяно. 2025 год

Яшчэ сярод цікавых знаходак — бронзавая накладка, аналягі якой у чэскай археалягічнай літаратуры інтэрпрэтуюцца як пасавыя гарнітуры XIV стагодзьдзя, праскія грашы — адна з самых распаўсюджаных манэтаў Эўропы ў Сярэднявеччы.

Аднак пошукі ў Крэве не накіраваныя на пошук асобных артэфактаў, падкрэсьлівае Алег Дзярновіч.

«Нас, вядома, найперш цікавяць архітэктурныя дэталі. Артэфактаў асаблівых тут няшмат, бо пасьля разбурэньня вежы амаль нічога не засталося. Часта знаходзім дэталі керамікі і пліткі. Такіх масавых знаходак каля сотні», — расказаў гісторык.

Падмурак трэцяй вежы знайшлі яшчэ ў ліпені 2023 году. Кіраўнік раскопак Алег Дзярновіч тады пісаў:

«Гэтае адкрыцьцё перакрэсьлівае думку, якое панавала дзесяцігодзьдзямі: што Крэўскі замак быў дастаткова прымітыўны, трапэцыя зь дзьвюма вежамі. Высьвятляецца, што структура замку была больш складаная і больш разгалінаваная».

Да гэтага было вядома толькі пра дзьве вежы Крэўскага замку: Княскую і вежу Вітаўта. Яны пабудаваныя на мяжы XIV і XV стагодзьдзяў у рагах замку. Першыя, яшчэ павярхоўныя знаходкі паказваюць, што ўяўленьні пра замак былі зусім не такімі, якім ён быў насамрэч.

Адметна, што беларускі мастак Яўген Кулік (1937–2002) на малюнку-рэканструкцыі з 1980-х гадоў выявіў Крэўскі замак акурат з трыма вежамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Археолягі даказалі, што ў Крэўскага замка была трэцяя вежа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма ўцямнай канцэпцыі». Па сьлядах чарговага этапу рэстаўрацыі ў Крэве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 400 тысяч на Крэўскі замак да 7 мільёнаў на Жыліцкі палац. Стала вядома, колькі выдаткуюць сёлета на помнікі архітэктуры