МАЗ перамог у конкурсе на пастаўкі электробусаў у расейскі Санкт-Пецярбург

Электробус на вуліцах Менску, архіўнае фота

Пра гэта расказаў кіраўнік расейскага гораду Аляксандар Бяглоў пасьля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным.

Перад гэтым Беларусь і кіраўніцтва другога па велічыні гораду Расеі падпісалі пагадненьне пра тое, што зборка аўтобусаў будзе праходзіць у самым Санкт-Пецярбургу.

Пры гэтым раней праект расейска-беларускай вытворчасьці згарнулі ў Краснадарскім краі Расеі, палічыўшы яго немэтазгодным.

У гэтым горадзе сёньня выкарыстоўваецца 1,9 тыс. беларускіх аўтобусаў і 240 тралейбусаў. Плянуюцца і новыя пастаўкі. Пры гэтым беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца ў час руху ў Расеі і Беларусі, прычынай называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа заходнімі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні падобны выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Іркуцку 5 ліпеня. Да гэтага толькі ў 2025 годзе аўтобусы гарэлі 14 траўня — у Варонескай вобласьці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Высокі сабекошт». На Кубані згарнулі праект расейска-беларускай вытворчасьці электробусаў