Расейская пракуратура на завочным судзе над вядомым пісьменьнікам Барысам Акуніным запатрабавала пакараць яго 18 гадамі калёніі строгага рэжыму. Улады абвінавачваюць яго ў садзеяньні тэрарыстычнай дзейнасьці, апраўданьні тэрарызму і парушэньні закону аб «замежных агентах», паведаміла «Медиазона».
Акуніна вінавацяць у публікацыі матэрыялаў без адпаведнай пазнакі «замежнага агента».
«Апраўданьне тэрарызму» зьвязанае зь ягоным допісам, дзе ён напісаў: «цяпер я за рэвалюцыю, бо ніякім іншым спосабам ад дыктатуры пазбавіцца ня ўдасца».
«Садзеяньнем тэрарызму» расейскія ўлады палічылі выказваньні Акуніна ў размове з пранкерамі, падчас якой ён заклікаў да аб’яднаньня расейскіх і ўкраінскіх культурных дзеячоў і агітаваньня расейскіх вайскоўцаў здавацца ў палон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Как мы стали «сильно похожи друг на друга». Открытое письмо Борису АкунинуСёньня ж МУС Расеі абвясьціла вышук пісьменьніка Дзьмітрыя Быкава, які таксама занесены ў Расеі ў сьпіс «замежных агентаў».
Сёлета ў красавіку супраць Дзьмітрыя Быкава завялі крымінальную справу.
Сьледчы камітэт Расеі абвінаваціў яго ў распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскае войска і ва ўхіленьні ад выкананьня абавязкаў «замежнага агента».
Таксама, паводле сьледзтва, Быкаў публікаваў відэа з «заведама ілжывай інфармацыяй пра дзеяньні Ўзброеных сілаў РФ супраць мірнага насельніцтва Ўкраіны».
- Дзьмітрый Быкаў — пісьменьнік, паэт, публіцыст, вядомы вострай грамадзянскай пазыцыяй і як суаўтар праекту «Грамадзянін паэт» — сатырычнай перадачы зь вершамі на палітычныя тэмы, што выходзіла ў 2011–2012 гадах. У 2019 годзе Быкаў перанёс цяжкае атручаньне. Паводле расьсьледаваньняў Bellingcat і The Insider, гэта была спроба яго забойства з боку расейскіх спэцслужбаў. З восені 2021 году ён жыве ў ЗША.
- Барыс Акунін (Грыгорый Чхартышвілі) — пісьменьнік і літаратуразнаўца, аўтар гістарычных дэтэктываў пра Эраста Фандорына і шматтомнай Гісторыі Расеі, якую ён называе «вольнай ад ідэалягічнай сыстэмы пры захаваньні дакладнасьці фактаў». З 2014 году ён жыве ў Эўропе.