Як паведаміла ўкраінскае выданьне hromadske.ua з спасылкай на крыніцу ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, у той момант у паветранай прасторы Беларусі знаходзіліся прынамсі тры расейскія бесьпілётнікі.
«Верталёт беларускіх СПА ў часе выкананьня заданьня кантролю паветранай прасторы адрапартаваў аб выяўленьні і зьнішчэньні ўдарнага дрону», — сказана ў паведамленьні.
Аскепкі зьбітага дрону нібыта ўпалі на тэрыторыі Гомельскай вобласьці.
Згодна з інфармацыяй украінскага маніторынгавага праекту «Ринда моніторить», 12 ліпеня на горад Оўруч Жытомірскай вобласьці з тэрыторыі Беларусі ляцелі сама меней 2 расейскія дроны, яшчэ адзін — на Сарны Ровенскай вобласьці і адзін дрон пасьля ўзьдзеяньня на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы вярнуўся на беларускую тэрыторыю ў раёне Брагіна Гомельскай вобласьці.
У Беларусі не паведамляюць аб такіх інцыдэнтах.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.