Катлеты па-Ціханоўску, «стрыптыз наадварот» і немаўляты. Рэпартаж з фэстывалю абуджаных Tutaka на Падляшшы

Фэстываль Tutaka ў Борыку, 12 ліпеня 2025

10-13 ліпеня за 20 кілямэтраў ад Беларусі праходзіць фэстываль абуджаных Tutaka. Расказваем, што там адбываецца.

Tutaka праходзіць ужо пяты раз ва ўрочышчы Барык каля вёскі Гарадок пад Беластокам у Польшчы. Сёлета імпрэза трывае ажно чатыры дні: 10 — 13 ліпеня, ад абеду чацьвярга да ночы нядзелі. Першы фэст быў удвая карацейшым.

«Я тамака», — кажа адзін з арганізатараў імпрэзы Павал Станкевіч праз рацыю.

Tamaka, Tutaka, Viedaka, Chillaka, Niedalioka — назвы пляцовак, дзе праходзяць майстар-класы, лекцыі, канцэрты.

Павал Станкевіч расказаў Свабодзе, што яны падумваюць у будучыні падоўжыць імпрэзу да тыдня. Ужо цяпер падкрэсьліваюць, што гэта не фэст на ўік-энд, але больш шырокая падзея, дзеля якой варта браць адпачынак ад працы.

35 гадоў таму на гэтым месцы ўпершыю зладзілі легендарны фэстываль беларускай альтэрнатыўнай і рокавай музыкі «Басовішча». Некаторыя ўдзельнікі «Тутакі» дагэтуль называюць фэст «Басы» і працягваюць параўноўваць фарматы. Станкевіч кажа, што гэтыя параўнаньні яго не трыгераць.

«Гэта зусім ня трапнае параўнаньне», — кажа ён.

З словаў Паўла, гэта сапраўды розныя фарматы. Калі «Басовішча» быў перадусім музычным фэстам, дык «Тутака» — грамадзкі фэстываль, хаця ў ім таксама ёсьць музыкальная частка.

«Мы ім маладосьці не аддамо. А гэта юнацтва», — падкрэсьлівае ён настальгічную ролю папярэдніка «Тутакі».

Станкевіч падзяліўся, што сам быў на першым «Басовішчы», калі меў 10 гадоў. Узгадаў адну гісторыю, што здарылася на «Басовішчы» пазьней.

«Я сядзеў пад сцэнай, чыліў, абапёршыся сьпінай аб дрэва. Пачаўся канцэрт нейкага гурта. Спачатку не зьвярнуў на гэта ўвагу. Але калі яны пачалі сьпяваць, я быў пад такім уражаньнем, што нягледзячы на стому, пабег, каб даведацца які гэта гурт, і абавязкова купіць яго касету. Гэта быў гурт Krywi у старым складзе. Я гэтую касету, аблічбаваную, дагэтуль вельмі часта слухаю», — расказвае Павал.

Ён кажа, што тады закахаўся ў Вераніку Круглову, а пазьней запрасіў яе на першы фэст «Тутака».

«Пасьля яна ў офісе пачала ціха напяваць песьню „Царкоўка“. І мы заспявалі яе разам. Валерыя Дэле, якая таксама выступала на „Тутацы“, дагэтуль успамінае, што гэта быў лепшы выступ», — расказвае Павал.

Аляксей, яшчэ адзін наведвальнік і «Басовішча» і «Тутакі», жыве ў Варшаве і адзначае, што гэты фэст у параўнаньні зь іншымі беларускімі, што праходзяць за мяжой, адрозьніваецца вясковай, прыроднай атмасферай. Бо праходзіць у лесе, у адрозьненьне ад іншых гарадзкіх імпрэзаў.

Ён заўважае, што бясплатны ўваход на фэст — яшчэ адна адметнасьць падзеі, і параўноўвае яе з польскім Woodstock’ам, буйным музычным рок-фэстывалем, які зьбірае сотні тысяч чалавек і таксама бясплатны для наведвальнікаў.

«Я дагэтуль называю гэты фэст „Басамі“, бо туды прыяжджаюць тыя самыя людзі, ствараюць тую самую атмасфэру, граюць тыя самыя музыкі. Ёсьць асаблівасьці, таму для мяне гэта „Басы плюс“», — кажа Аляксей.

Полька Карнэлія наведала сёлета фэст «Тутака» дзеля беларускіх сьпеўных варштатаў. Яна езьдзіла на «Басовішча» шмат разоў каля 30 гадоў таму.

«Калі я была маладая і прыгожая», — усьміхаецца яна.

Тады, зь яе ўспамінаў, было значна больш палякаў, чым беларусаў. Удзень «Басовішча» таксама наведвалі сем'і з дзецьмі, а ўжо на вечар і ноч заставалася моладзь. Зь ейных успамінаў, там быў ня толькі цяжкі рок, але і блюз, і джаз.

«Тады ў вас (у Беларусі. — РС) нешта рушыла. Быў адкрыты праезд празь мяжу», — успамінае Карнэлія мінулыя часы.

Адным з яркіх яе ўспамінаў быў канцэрт, падчас якога яна хацела заскочыць на сьпіну хлопцу. Аднак падчас скачка ў яе парваліся сподні.

«І ўсе ўбачылі мае прыгожыя зялёныя майткі», — сьмяецца суразмоўца.

Перад фэстывалем пахаладала і некалькі дзён ішлі дажджы. Пэрыядычна ліло і падчас імпрэзы. Праз гэта некаторыя перадумалі ехаць ўвогуле. Тых, хто даехаў, ратавалі дажджавікі і гумовыя боты.

«Дождж нас спужаўся», — перакананы Ўладзь, які прыехаў з Кракава і ўрэшце дачакаўся сонечнага, цёплага надвор’я ў Борыку.

Павал Станкевіч заўважыў, што дождж ускладніў падрыхтоўку да фэсту. Але людзі, якія рыхтавалі пляцоўку, проста выходзілі і працавалі, нягледзячы на дождж.

«Стрыптыз наадварот» і фільм пра Алеся Пушкіна

Многія суразмоўцы Свабоды адзначалі, што прыехалі ўбачыцца зь сябрамі, абняцца, патусіць. Праграма для іх была менш важнай.

Сёлетняй навінкай фэсту стала большая колькасьць супольных праглядаў фільмаў, расказаў Павал Станкевіч, у тым ліку, глядзелі фільм пра Алеся Пушкіна. Акрамя музычнай часткі можна было паслухаць лекцыі на гістарычную, праваабарончую тэматыку.

Цімох Акудовіч сабраў поўны намёт слухачоў на лекцыю пра таямніцы Радзівілаўскай мапы.

Кацярына Ваданосава, якая аднаўляе беларускія строі розных эпох, паказала «стрыптыз наадварот», калі яна паволі апранаецца ад ніжняй бялізны ў выглядзе панталонаў і ніжняй кашулі да поўнага строю жанчыны часоў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Гледачы даведаліся, што чорны жалобны колер сымбалізаваў у той пэрыяд пратэст і падтрымку паўстанцаў. За такі строй жанчыну маглі пасадзіць на «суткі» і нават выслаць у Сыбір.

Падарожнік вакол сьвету Аляксандар Гойшык расказаў слухачам пра свае прыгоды ў розных краінах.

Ён падзяліўся са Свабодай, што пасьля трох гадоў вандраваньня пераважна па цёплых краінах ніяк ня можа сагрэцца ў Польшчы.

«Мне халадно. Я тры гады жыў без зімы», — кажа ён.

Аляксандр сказаў, што цяпер жыве ў польскай вёсцы каля мяжы з Чэхіяй, у старой камяніцы, і піша кнігу пра сваё вялікае падарожжа.

Архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліньнік падзяліўся падчас лекцыі цікавосткамі беларускай архітэктуры.

Удзень ініцыятыва «Таньцы ў Пазнаньцы» з Познані з гармонікам, дудой і скрыпкай заахвоцілі да традыцыйных беларускіх танцаў каля паўсотні чалавек.

Можна было навучыцца ткаць традыцыйныя паясы на майстар-класе Рэгіны Лавор, і сьпяваць жніўныя сьпевы з Вольгай Барышнікавай.

У пункце фонду BySol, як і летась, ставілі пераводкі з надпісам «экстрэміст» і раздавалі бліскоткі і налепкі за данат. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак заўважае, што яны ўвесь час працуюць з досыць сумнымі гісторыямі.

«У нас ёсьць спецыфічны фармат крэатыўных сесій, дзе мы абмяркоўваем абсалютна розныя ідэі», — кажа Стрыжак пра тое, як узьнікла ідэя такой актыўнасьці.

На вечаровых канцэртах на вялікай сцэне заплянавалі выступы як вядомых беларускіх гуртоў: «Дай дарогу», Dzieciuki, Krambambula, NaviBand, так і маладых, менш вядомых падляскіх і беларускіх калектываў і выканаўцаў Mandzik, Ilo&Friends, Spievy z-pad mosta, ILI–ILI, Arhedelic, Maxim i Oliczka.

На яшчэ адной, меншай сцэне, якую зладзіў Беластоцкі музычны клюб, выступалі гурт «Курвадзікі», Аляксандар Памідораў, калектыў Кацярыны Ваданосавай, Dziadzeńka.

«Вельмі добра і камфортна арганізаваная пляцоўка: ежа, туалеты, нідзе няма чэргаў, намётавае поле, ахова ёсьць ненавязьлівая, занаваньне. Вельмі шмат сілаў прыцягнута, каб гэта арганізаваць, шмат валянтэраў. Няма сьмецьця», — камэнтуе арганізацыю фэсту ўдзельніца Ірына.

Нягледзячы на шмат забаўляльнага зьместу падзеі, тэма палітвязьняў гучала, у тым ліку, на канцэртах.

«Мы памятаем пра Пашу Мажэйку, Анджэя Пачобута, Міколу Дзядка, Ігара Аліневіча», — сказаў Алесь Дзянісаў падчас выступу гурту Dzieciuki.

У гэты час на поле занесьлі шматмэтровы бел-чырвона-белы сьцяг.

Сяргей Ціханоўскі на «Тутацы»

Сяргей Ціханоўскі таксама завітаў на фестываль Tutaka. Сустрэча ўдзельнікаў фестывалю з Сяргеем Ціханоўскім заплянаваная на нядзелю, 13 ліпеня. Аднак блогер прыехаў на дзень раней.

Ён прайшоў па пэрыметры фэстывалю. Зайшоў у многія намёты кірмашу фэсту і каротка перагаварыў з людзьмі там. Выдаўцы падарылі яму кнігу Паўла Валковіча #IMBY пра жыцьцё ў незалежнай Беларусі, гаспадар крамы «Адметнасьць» Сяргей Верамеенка — дзьве цішоткі розных памераў, на цяпер і на пазьней. Каля пункту ініцыятывы, якая займаецца ЛГБТК+ супольнасьцю Сяргей нагадаў, што да гомасэксуальных людзей у турме ставяцца вельмі кепска, і ён дасьведчыў гэта на сабе, бо яго спрабавалі перавесці ў так званы «нізкі статус».

На ўсім шляху Ціханоўскага суправаджала ахова імпрэзы. Некаторыя ўдзельнікі падыходзілі сфатаграфавацца. Выгукам «Жыве Беларусь» яго сустрэлі каля сцэны, дзе ішоў канцэрт.

На фудкорце каля рондалю з бігасам Сяргей заўважыў, што капуста была найменш смачнай стравай у турме, а каля смажаных каўбасак паабяцаў, што ўвечары падсмажыць на фэсьце катлеты па-Ціханоўску. Урэшце замовіў трускаўковы ліманад: «Я пяць гадоў ня еў трускаўкі», дадаў ён.

Увечары Сяргей сапраўды пасмажыў катлеты па-Ціханоўску на грылі аднаго з пунктаў продажу ежы, на вачах у наведвальнікаў з дапамогай сваёй каманды. Катлеты раздавалі бясплатна. Зьняць працэс і атрымаць катлеты сабраліся дзесяткі чалавек. У чарзе па катлеты Ціханоўскага быў і Павал Латушка.

Вышываныя кашулі і немаўляты

Як расказаў Павал Станкевіч, за першыя два дні фэст сабраў каля 3-4 тысяч чалавек. Арганізатары спадзяюцца, што да канца падзеі, яе наведаюць агулам 5 тысяч удзельнікаў.

На «Тутаку» прыехалі беларусы ў розных куткоў Польшчы, шмат аўтамабіляў было на літоўскіх нумарах, былі наведвальнікі з больш далёкіх краін, прыкладам, Швайцарыі. Прыехалі і людзі непасрэдна з Беларусі.

Многія надзявалі вышываныя кашулі, вышымайкі, або нават поўныя традыцыйныя строі.

«Гэта маркер», — патлумачыў адзін з наведвальнікаў у вышыванай кашулі.

Сямейны фармат фэсту захоўваецца. Прыяжджалі нават зь немаўлятамі. Самай малодшай удзельніцы, якую атрымалася знайсьці, было тры месяцы. Было на фэстывалі і багата сабак розных памераў і колераў.

Для дзяцей ладзілі сваю праграму. Яны ўдзельнічалі ў традыцыйных беларускіх гульнях і танцах, вышывалі паштоўкі, плялі саламяных павукоў, займаліся дзіцячым фітнэсам для самых маленькіх. Дзеці і самі ладзілі сабе забавы: гойсалі па лесе, гулялі ў «Мафію» і баскетбол.

«Была смачная пасьціла», — адказала малая Віка пра тое, што ёй спадабалася больш за ўсё.

Вядоўцы вечаровых канцэртаў паведамілі, што сёлета на фэстывалі здарыліся як найменей дзьве прапановы выйсьці замуж, адну зь іх зрабіў бубнач гурту Dzieciuki.

Фэст можа стаць платным

Уваход на фэстываль застаецца бясплатным. Але трэба плаціць за ўваход на намётавае поле (каля 24 эўра за чатыры дні), паркінг. Арганізатары ўлічылі пажаданьні мінулага году і зрабілі ўваход туды для дзяцей да 6 гадоў бясплатным, дзецям ад 7 да 14 гадоў — напалову таньней, чым дарослым.

Бюджэт фэстывалю Tutaka сёлета склаў каля 400 тысяч злотых (больш за 90 тысяч эўра), расказаў Павал Станкевіч. Паводле яго, як і летась, сёлета адзін са спонсараў паменшыў фінансаваньне. Налета ўваход на Tutaku можа стаць платным.

«Далей мы не пацягнем фэсту, каб ён быў такім гучным. Да гэтага даходзіць выпаленьне, патрэба наймаць прафэсійных людзей дадаткова да валянтэраў», — тлумачыць Станкевіч.