Пра гэта і пра іншае мы гаворым з былым прафэсарам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, кандыдатам гістарычных навук Паўлам Церашковічам.
0:00 — наколькі вялікі маштаб інтэрвэнцыі «русского мира» у сучасную Беларусь
5:22 — як Расеі ўдалося стварыць наймагутнейшую прапаганду ў гісторыі чалавецтва
8:19 — наколькі ўстойлівай застаецца беларуская нацыянальная сьвядомасьць
11:47 — ці дапамагае беларускай нацыянальнай сьвядомасьці факт існаваньня беларускай дзяржавы
14:54 — дзе ў сьвеце ўжо адбываліся спробы перайменаваць назву краіны і народу, падобныя да заклікаў «літвіноў»
15:42 — дзе і хто ў сьвеце ўжо меў вопыт, падобны да цяперашняга ўзроўню русыфікацыі беларусаў
16:49 — як быць беларусам у будучыні, якія існуюць інструмэнты для захаваньня гістарычнай сьвядомасьці
19:44 — як доўга можа трымацца беларуская ідэнтычнасьць, ці пагражае ёй поўнае зьнікненьне
23:04 — ці зьнікне Беларусь, калі зьнікне беларуская дзяржава
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Паўлам Церашковічам:
— Нядаўна вы бралі ўдзел у сэрыі абмеркаваньняў уплыву так званага «руского мира» на сёньняшнюю Беларусь. Я паглядзеў тыя гутаркі і сапраўды сытуацыя вельмі трывожная. Расея ў 17 разоў павялічыла квоты для беларускіх студэнтаў у сваіх ВНУ, цяпер спрабуюць пісаць сумесныя расейска-беларускія падручнікі па гісторыі, нядаўна міністар адукацыі Беларусі паведаміў, што з Расеі прыедуць 50 прафэсараў выкладаць у беларускіх ВНУ ў рамках абмену. Адзін з удзельнікаў вашых дыскусіяў нават заявіў, што Беларусь за апошнія пяць гадоў калянізаваная сыстэмай расейскай адукацыі. Як вы гэта пракамэнтуеце, які маштаб інтэрвэнцыі, ці застаюцца ў беларускай адукацыі нейкія сувэрэнныя лякуны?
— Маштаб інтэрвэнцыі сапраўды беспрэцэдэнтны. У Беларусі актыўна дзейнічае некалькі інстытутаў так званай мяккай сілы. Хоць гэта толькі так кажуць, што мяккай. Гэта офісы дзяржаўнай карпарацыі «Россотрудничество», гэта прадстаўніцтва фонду «Русский мир» і гэта прадстаўніцтва фонду публічнай дыпляматыі імя Гарчакова.
І тут справа ня толькі ў вялікай колькасьці стыпэндый, якія прадстаўляліся ў мінулым годзе ў колькасьці 1000 — 1300, і гэтыя стыпэндыі цалкам пакрываюць усё навучаньне на ўзроўні бакаляўрыяту. Вельмі небясьпечная сама колькасьць гэтых прадстаўніцтваў. Звычайна «Россотрудничество» мае ў замежных краінах ня больш за два так званых «Русских дому». А ў Беларусі афіцыйна іх чатыры — у Менску, Горадні, Берасьці і Гомелі. І ёсьць яшчэ інфармацыйны цэнтар у Магілёве, які, па сваёй дзейнасьці, тое самае, што і «Русские дома» ў іншых гарадах. Гэта значыць, што практычна ўся тэрыторыя краіны, за выключэньнем Віцебскай вобласьці, пакрытая.
Чаму гэта небясьпечна? Таму што вядома, што ў 2014 годзе, калі адбывалася анэксія Крыму і фактычная анэксія Луганскай і Данецкай абласьцей, менавіта офісы «Россотрудничества» былі цэнтрамі падбухторваньня да тых працэсаў.
Ну і яшчэ нагадаю, што адзін з агрэсіўных ідэолягаў «Русского мира» Цімафей Сяргейцаў, аўтар вядомага артыкулу «Што Расея павінна зрабіць з Украінай», напісаў што офісы «Россотрудничества» павінны стаць асяродкамі акупацыйнай улады на тэрыторыі Ўкраіны.
Можна рабіць выснову, што і тут рыхтуецца такая акупацыя. Вось чым гэта небясьпечна.
Ну і яшчэ я дадам, што ўсе гэтыя тры структуры накіраваныя менавіта на адукацыю. Гэта ня толькі стыпэндыя ад «Россотрудничества», гэта актыўныя кантакты са школамі, гэта запрашэньне школьнікаў на кінапрагляды агітацыйных стужак, на наведваньне агітацыйных выстаў. Фонд «Рускі Мір» мае менш прадстаўніцтваў, але затое гэта прадстаўніцтвы ў школах, унівэрсытэтах.
А ў фонду імя Гарчакова (гэта вельмі сымптаматычна) толькі два замежныя прадстаўніцтвы — адно ў Тбілісі, другое ў Менску. І прадстаўніцтва ў Менску фармальна сфакусаванае на разьвіцьці інтэграцыі Беларусі і Расеі, але па мерапрыемствах відаць, што іх цікавіць перадусім вышэйшая адукацыя і маладыя дасьледчыкі ў сфэры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.
— Вы ня раз заяўлялі, што Расея стварыла самую магутную прапаганду ў гісторыі чалавечай цывілізацыі, мацнейшую нават за нацысцкую Нямеччыну. Як так атрымалася? Гэта вынік і спадчына савецкага часу ці нешта ўнікальна расейскае?
— Гэта і тое, і тое. Я хачу падкрэсьліць, што менавіта Савецкі Саюз яшчэ да таго, як узьнікла прапаганда Гёбэльса, стварыў сваю замежную прапаганду. Менавіта ў 1925 годзе пачалося радыёвяшчаньне на замежных мовах — з прапаганды ідэі «Камінтэрну», сусьветнай рэвалюцыі і гэтак далей. Вядома, што ў апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу па колькасьці вяшчаньня на замежных мовах гэтая краіна значна пераўзыходзіла ўсе іншыя краіны. Так што ў значнай ступені гэта спадчына Савецкага Саюзу. Плюс вось тое, што адбываецца ў апошнія дзесяцігодзьдзі, — актыўнае выкарыстаньне новых тэхналёгій, найперш сацыяльных сетак.
У гэтую прапаганду ўкінутыя калясальныя рэсурсы, мы нават да канца не ўяўляем, наколькі яны вялікія.
Я яшчэ тут трэба дадаць вось што. Я даволі часта цытую гэты выраз, сказаны адным з удзельнікаў прысьвечанай «Русскому миру» канфэрэнцыі ў Бэрліне. Гэта быў расейскі журналіст, і ён вельмі трапна сказаў, што ў Савецкім Саюзе прапаганда на замежжа складалася на 90% з ідэалёгіі і на 10% з паліттэхналёгіі. А цяпер расейская прапаганда наадварот складаецца на 10% з ідэалёгія, а астатнія 90% — гэта паліттэхналёгія. Вось гэта робіць расейскую прапаганду вельмі і вельмі небясьпечнай.
Бо на першы погляд выглядае, што сыстэмнай ідэалёгіі там няма, бо яна там заблюраная, але працуе насамрэч вельмі і вельмі актыўна. Я ня бачу аналягаў такой магутнай прапагандысцкай машыны у сёньняшнім сьвеце. І, зразумела, што па тэхнічных магчымасьцях гэта значна пераўзыходзіць тое, што было і ў Савецкім Саюзе, і ў нацысцкай Нямеччыне.
— У гэтай сувязі ўзьнікае пытаньне, наколькі далёка ў беларускую душу сёньня пранік «руский мир». Наколькі ўстойлівай застаецца беларуская нацыянальная сьвядомасьць?
— Ведаеце, ідэалёгія «Русского мира» складаецца зь некалькіх частак, і розныя кампанэнты па-рознаму ўплываюць на Беларусь.
Вельмі часта кажуць, асабліва журналісты, што адбылася сынхранізацыя прапагандысцкага дыскурсу Расеі і Беларусі. На першы погляд, гэта сапраўды так. Але калі мы возьмем ідэалягічны дыскурс, то тут адрозьненьні ёсьць і даволі істотныя.
Напрыклад, у ідэалёгіі «Руского мира» вялікую ролю адыгрываюць ідэі эўразійства. А вось у Беларусі сапраўдных адэптаў эўразійства лічаныя адзінкі. Тут гэтыя ідэі не пайшлі, не праходзяць. І нават некаторыя прадстаўнікі палітычнага істэблішмэнту, ляяльныя да рэжыму, асабіста да Лукашэнкі, выступаюць супраць гэтага.
А вось іншы прыклад. Важным кампанэнтам «Русского мира» зьяўляецца геапалітыка — клясычная геапалітыка канца ХІХ-га — пачатку ХХ-га стагодзьдзя, адроджаная ў Расеіі. Яна стала проста іх апантанасьцю. За першыя 20 гадоў гэтага стагодзьдзя ў Расеі было выдадзена больш за 40 арыгінальных падручнікаў па геапалітыцы, былі перакладзеныя творы клясыкаў, напрыклад Гаўса Гофэра і іншых, на расейскую мову, раней яны былі проста невядомыя. У Беларусі таксама ёсьць адэпты геапалітыкі, яна выкладаецца на некаторых праграмах. Ну і географы ў нас зрабілі ў падручніку для 10-й клясы па геаграфіі некалькі параграфаў па геапалітыцы. Але такой як у Расеі апантанасьці ў Беларусі няма.
А вось у чым ідэалёгія супадае, гэта ў кульце перамогі, які ператварыўся ў культ вайны. І вось я назіраю, што ідзе запазычаньне расейскіх практык культу перамогі літаральна ў апошнія гады, чаго раней не было. Гэта вайсковыя парады ў дзіцячых садках, карнавальныя шэсьці ў вайсковай уніформе, калі там нават немаўлятак у зялёныя пялюшкі такія апранаюць.
Так што менавіта ў гэтай сфэры, якую часта называюць практыкай пабедабесія, пранікненьне, як мне здаецца, найбольшае [...].
— У канцы чэрвеня ў Вене амэрыканскі гісторык Тыматы Снайдэр прачытаў лекцыю пра Беларусь. Падводзячы вынікі, ён зрабіў важную выснову, сказаўшы, што Беларусь — гэта не ўскраіна, але цэнтральнае месца эўрапейскага вопыту. Ну а маю ўвагу прыцягнула іншая ягоная думка, я б сказаў, бліскучы афарызм. Ён сказаў, што «свабода пачынаецца з гісторыі. Без уласнай гісторыі няма ідэнтычнасьці, а без ідэнтычнасьці няма супраціву». Як быць беларусам у будучыні, якія існуюць інструмэнты для захаваньня гістарычнай сьвядомасьці і сапраўднай, а не сурагатнай, лукашэнкаўска-савецкай гістарычнай памяці?
— Я тут выкажу пазытыўную думку, што з гістарычнай сьвядомасьцю ў нас такі зрабіўся пералом. Сёньня я назіраю сапраўдны бум цікавасьці да гісторыі. Гэта выяўляецца ў вялікай колькасьці інтэрнэт-рэсурсаў, перадусім YouTube-каналаў, і вельмі часта іх вядуць людзі, якія раней не займаліся гісторыяй. Я назіраю за тым, што яны робяць, літаральна з захапленьнем, бо літаральна з кожным выпускам бачна, як яны растуць. І гэтыя каналы зьбіраюць вельмі вялікую аўдыторыю. Таму ў мяне ёсьць надзея на будучыню.
Але, безумоўна, гэтага недастаткова, бо за ўсім гэтым павінна стаяць прафэсійная гістарычная дзейнасьць. Нам трэба захаваць сваю гістарычную школу і, у тым ліку, падтрымаць тых гісторыкаў, якія сёньня апынуліся ў замежжы, і далёка ня ўсе зь іх маюць магчымасьць працаваць у прафэсіі. Для гэтага патрэбнае прафэсійнае згуртаваньне, стварэньне спачатку асацыяцыі, а далей — сталых інстытуцый, якія займаюцца менавіта акадэмічнымі дасьледаваньнямі. Бо бяз гэтых прафэсійных акадэмічных дасьледаваньняў, папулярызацыя будзе папросту немагчымая.
— І, нарэшце, пытаньне пра будучыню. Некалі вы заснавалі і ўзначалілі катэдру этналёгіі на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, першым у Беларусі пачыналі выкладаць культурную антрапалёгію, і вы аўтар кніжкі пра пачаткі беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Таму не магу не задаць вам пытаньне, якое нават агучваць непрыемна і ня хочацца. Ці зьнікне Беларусь, калі зьнікне беларуская дзяржава? Калі беларусы, ня дай Бог, апынуцца ў складзе Расеі? Як будзе трымацца ўвесь гэты нацыянальна-культурна-этнічны беларускі арганізм?
— Давайце з халодным сэрцам паспрабуем прааналізаваць гэтую сытуацыю. Інкарпарацыя Беларусі ў Расею магчымая. Ня буду сёньня вызначаць адсотак вераемнасьці і ня буду разважаць, ці яна адбудзецца наогул.
Я амаль ўпэўнены, што нават калі гэта адбудзецца, то ня будзе шасьці асобных абласьцей ці нейкай там фэдэральнай акругі. Фармальна дзяржаўнасьць захаваецца і фармальна захаваецца дзяржаўнасьць беларускай мовы. Гэта будзе нічога ня значыць, бо вось ва Ўдмуртыі ўдмурцкая мова мае дзяржаўны статус. Што гэта азначае? Гэта нічога не азначае, апроч наяўнасьці дзьвюхмоўных шыльдаў. І ўсё.
Што яшчэ застанецца? Ну, зноў жа можам меркаваць па прыкладзе так званых нацыянальных рэспублік у складзе Расеі, напрыклад, Башкартастану. Там ёсьць нацыянальныя гімназіі. Калі я пытаўся ў калег, што гэта азначае, ці ў вас там усё выкладаньне на башкірскай мове, яны дзіўна глядзелі на мяне і казалі, маўляў, не, у нас там выкладаецца асобна башкірская гісторыя.
Зноў жа ва Ўдмуртыі спрабавалі ў 10-х гадах ХХ стагодзьдзя ўвесці асобны курс ўдмурцкай гісторыі і падручнікі падрыхтавалі, але ўсё гэта было зьнішчана.
Ну вось гэта прыклад таго, што можа захавацца. Імпэрыя бачыць небясьпеку ў існаваньні нават думкі пра самастойную гісторыю.
А наогул існуе такі ідэал сучаснай Расеі, калі там ніхто ня кажа, што вось мы ўсіх русыфікуем. Наадварот, Расея — гэта краіна, у якой усе народы вольна разьвіваюцца. Але насамрэч гэтае вольнае разьвіцьцё, існаваньне нацыянальных
культур зводзіцца да такой танцавальна-кулінарнай формы. Правядуць некалькі разоў на год фэстываль культуры, будзе некалькі рэстаранаў нацыянальнай нацыянальнай кухні і ўсё.
Так што пра Беларусь можна сказаць. Што «Харошкі» захаваюцца і дранікі таксама будуць дазволеныя.
Але я думаю, што ўсё ж гэтага не адбудзецца. Бо што азначае існаваньне нацыянальнай Рэспублікі сёньня ў складзе Расеі? Найперш гэта не пытаньне гісторыі і не пытаньне нацыянальных танцаў. Гэта пытаньне ўлады. Хто прызначае кіраўніка вось гэтай адміністрацыйнай адзінкі.
У Расіі ў 90-я гады адбывалася выбары кіраўнікоў рэспублік. І вось калі да ўлады прыйшоў Пуцін, то кіраўнікоў сталі прызначаць з Масквы і звычайна робяць так, што гэта чалавек, які сваім жыцьцёвым лёсам ніяк не зьвязаны з гэтай адміністрацынай адзінкай. За выключэньнем паўночнага Каўказу, там там іншая сытуацыя.
То бок перад рэжымам Лукашэнкі стаіць такое пытаньне: ці пагодзіцца нават ня ён, але ўсё ягонае атачэньне, уся бюракратыя на тое, што кіраўніка будуць прызначаць з Масквы, што прывязуць зь нейкага Хабараўска чалавека і паставяць кіраваць. Мне здаецца, што ўсё ж такі гэтага не адбудзецца.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
Ці перажывуць беларусы «русский мир»