У пуцінскай Расеі распаўсюджваньне інфармацыі з публікацый, якія адкрыта прадаюцца ў кнігарнях, можа прывесьці да 16 гадоў пазбаўленьня волі.
Такі лёс напаткаў Грыгорыя Скварцова, 35-гадовага фатографа і музыку з Пермі. Скварцоў быў адным з тысяч людзей па ўсёй Расеі, якія набылі выданьне гісторыка Дзьмітрыя Юркова «Сакрэтныя савецкія бункеры», што выйшла ў сьвет у 2021 годзе. У кнізе былі апублікаваныя дзясяткі некалі сакрэтных схемаў савецкіх аб'ектаў, якія незадоўга да таго былі рассакрэчаныя.
У кнізе, якую набыў Скварцоў, былі дадатковыя сканаваныя матэрыялы. Пазьней ён падзяліўся некаторымі з гэтых дакумэнтаў зь неназваным амэрыканскім журналістам.
У лістападзе 2023 году расейская паліцыя прыйшла ў кватэру Скварцова ў Пермі, калі таго наведаў сябар.
Паводле сваяка Скварцова, паліцыя здымала на відэа тое, што адбылося далей. «Яго білі і абражалі», — расказаў сваяк фатографа праекту Радыё Свабода «Сибирь. Реалии».
«Потым яны прымусілі яго сказаць на камэру, каму ён даслаў інфармацыю з кнігі Юркова».
Сваяк, які прасіў не называць ягонага імя, кажа, што на той час прайшлі месяцы з моманту кантактаў паміж амэрыканцам і Скварцовым, і паліцыі давялося нагадваць яму пра асобу амэрыканца. «Яны самі сказалі яму імя, яны „падказалі“ яму яго», — сказаў сваяк Скварцова.
Пасьля маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе Расея рэзка пашырыла сфэру таго, што можа лічыцца «дзяржаўнай таямніцай».
Ніякіх грошай у зносінах Скварцова з амэрыканцам не пераходзіла з рук у рукі, і сябры кажуць, той даслаў матэрыялы, каб дапамагчы аднадумцу — звычайная практыка сярод тых, хто дасьледуе закінутыя аб’екты, і сярод аматараў гісторыі. «Ён не перасьледаваў ніякіх эгаістычных мэтаў», — сказаў сябар у інтэрвію «Сибирь. Реалии».
Сябры Скварцова кажуць, што той заўсёды захапляўся архітэктурай. У 2010 годзе ён скончыў Пермскі будаўнічы каледж з дыплёмам архітэктара, але ў хуткім часе дасягнуў посьпеху як фатограф.
«Яму не было роўных у фатаграфаваньні прамысловых аб’ектаў. Ён любіў гэта: дахі, закінутыя будынкі — ён мог зрабіць цуд для вачэй зь любога цэху», — кажа калега.
«Рыелтарскія кампаніі ў Пермі і іншых рэгіёнах Расіі заказвалі ў яго рэклямныя здымкі», — успамінае пермскі калега. «Я памятаю, што нават была яго выстава ў будынку мясцовай адміністрацыі. Ён быў вельмі запатрабаваны».
У 2017 годзе Скварцоў заснаваў гурт Jagath, які грае ў стылі «індустрыяльны эмбіент». «Мы ствараем сваю музыку ў закінутых прамысловых месцах — на дне вільготнай падземнай каналізацыйнай шахты і ўнутры велізарных пустых нафтавых рэзэрвуараў», — гаворыцца на сайце Jagath.
Музыка гурту апісваецца як «нішавая», але яна была выпушчана брытанскім лэйблам і прыцягнула ўвагу нямецкага музычнага выданьня Sonic Seducer Magazine. Менавіта падчас інтэрвію гэтаму часопісу Скварцоў выказаў сваю нязгоду з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.
Сябры Скварцова мяркуюць, што хтосьці, хто бачыў яго інтэрвію ў Sonic Seducer, паведаміў пра яго ў Фэдэральную службу бясьпекі Расеі (ФСБ).
На пытаньне пра тое, як расейскія спэцслужбы выявілі, што Скварцоў перадаў гістарычныя матэрыялы амэрыканскаму журналісту, сваякі фатографа кажуць, што, на іх думку, сачыць за ім пачалі пасьля інтэрвію, прыкладна за год да яго арышту ў лістападзе 2023 году.
У лістах да сяброў Скварцоў піша, што расейскія ўлады распачалі справу супраць яго, каб схаваць свае ўласныя памылкі, не заўважыўшы, што патэнцыйна канфідэнцыйная інфармацыя свабодна прадавалася і распаўсюджвалася ў інтэрнэце.
«У мяне не было доступу да дзяржаўных сакрэтаў і не было злога намеру», — напісаў фатограф з-за кратаў. «Зьвесткі не былі абаронены дзяржавай... Гэтыя факты ігнаруюцца пракуратурай і судамі, якія разглядаюць справу фармальна, відавочна праз страх рэпрэсій з боку ФСБ».
Прыхільнікі фатографа, якія стварылі ўласную групу ў Telegram, заяўляюць, што маюць намер абскардзіць яго прысуд.